Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

но́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Памянш. да нота ​1 (у 2 і 4 знач.). Песня лілася роўна, налад[жа]на: канец кожнай ноткі .. на крыл[ах] разлятаўся ва ўсе бакі. Кулакоўскі. — Не верашчы! — кінуў Сузан, і ў голасе яго пачуліся зласлівыя ноткі. Лынькоў.

но́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ноты ​1 (у 1, 3 знач.). Нотны сшытак. Нотны магазін. // Прызначаны для нот ​1 (у 1 знач.). Нотная папера. // Які з’яўляецца нотай ​1 (у 1 знач.). Нотны знак.

•••

Нотная азбука гл. азбука.

ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.

Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.

•••

Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.

Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.

Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).

Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.

На ноч гледзячы гл. гледзячы.

Ноч у ноч — кожную ноч.

Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.

но́чанька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Нар.-паэт. Ласк. да ноч. Ночанька мая ты, Водблеск глыбіні! Колас.

но́чвы, ‑аў; адз. няма.

Тое, што і начоўкі. У халодных сенцах стаялі ночвы з памытымі агуркамі. Чорны. Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Колас.

но́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ласк. да ноч.

но́ччу, прысл.

У начны час. Вылецелі з Масквы ноччу. Кулакоўскі. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, .. а ўвесь дзень імжэў не то дождж, не то снег. Грахоўскі.

но́ша, ‑ы, ж.

Груз, які пераносіцца на сабе. За плячыма ў чалавека была цяжкая ноша, а ў руках кіёк. Сергіевіч. А ноша ў нас не малая: у руках кош з булкамі, на галаве бляха з пірожнымі. Гурскі. // перан. Усё тое, што абавязан хто‑н. выканаць, здзейсніць. Узяць ношу не па плячу. □ Нялёгкая ноша лягла па плечы дваццаціпяцітысячніка Лісіенкі. «ЛіМ». // перан. Аб чым‑н., што прычыняе клопат, турботы. О неспакойная ноша Думак заўжды маладых, Скарбу ўпарты пошук, Першай удачы сляды! Звонак.

но́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад насіць (у 1, 2 і 4 знач.).

2. у знач. прым. Які быў ва ўжыванні, носцы; не новы. Ношаны касцюм.

но́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да ноша.

2. Ахапак, вязка (сена, саломы, дроў і пад.). Майскім вечарам Ірына несла на сабе з бліжняга алешніку ношку дроў. Даніленка. Пад’ёмны кран плаўна і лёгка апісаў дугу, быццам у яго клыках быў не дзевяцітонны груз, а ношка саломы. Гроднеў.

3. Здабыча пчалы за адзін вылет. Ліпавы цвет каштоўны не толькі тым, што ён дае мёд высокай якасці. З яго пчолы бяруць вельмі добрыя ношкі. Гавеман.