Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крупі́на, ‑ы, ж.

Асобнае зерне круп.

•••

Крупіна за крупінай ганяецца з дубінай — пра вельмі рэдкую страву.

крупі́нка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да крупіна; маленькая крупіна.

2. Дробная часцінка чаго‑н. З сосен ападалі на тратуар ледзяныя крупінкі інею. Грамовіч. // перан. Пра вельмі малую колькасць чаго‑н. [Наталля:] Шчаслівая тым, што я патрэбны чалавек, што магу несці хоць крупінку цяжару, які лёг на плечы народа. Крапіва. У Ганны Сяргееўны яшчэ была крупінка надзеі, і яна рашыла трымацца да канца. Няхай.

кру́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. зб. Здробненае, ачышчанае ад шалупіння зерне пшаніцы як прамежкавы прадукт пры перапрацоўцы яе ў сартавую муку.

2. Род адна- і шматгадовых раслін сямейства крыжакветных.

3. зб. Тое, што і крупы (у 2 знач.); крупкі. Вецер працінаў бок, ляскаў крысамі шыняля, сек у шчокі дробнаю колкаю крупкай. Грахоўскі.

кру́пкі, ‑пак; адз. няма.

Памянш. да крупы.

кру́пнік 1, ‑у, м.

Крупяны суп; крупеня. Ужо з’елі верашчаку, яе месца заняў на стале забелены прасяны крупнік. Гурскі.

кру́пнік 2, ‑у, м.

Хмельны мядовы напітак, пашыраны раней на Беларусі. — Добра, — сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. — Карты на стол. Караткевіч.

крупо́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крупу. Крупознае запаленне лёгкіх.

крупча́к, ‑а, м.

Разм. Кабан, хворы на трыхінелёз. А падкаціўся [Адась] да Адэлінага бацькі тым, што добра знаўся па свіннях і ніколі, бывала, не купіць крупчака ці з другой якой хваробаю. Гурскі.

крупча́сты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з крупінак; зярністы. Ціхі ранак. Снег крупчасты Пад падэшвамі рыпіць. Гілевіч. [Лёня] зноў торкаў рыдлёўкай у крупчасты гравій, мерыўся зачарпнуць поўны шуфель. Гроднеў.

крупча́сты 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Заражаны трыхінелай. Крупчастае мяса. □ Кій быў з асмаленага ядлоўцу, ім Марцін расшчамляў свінням пашчэнкі, глядзеў, ці не крупчастыя. Карпюк.

крупча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Самы высокі сорт пшанічнай мукі, прыгатаванай з крупкі. Ужо цягнулі [паліцаі] са склада на машыну некалькі мяшкоў крупчаткі і цукру. Лынькоў.

кру́пы, круп; адз. няма.

1. Прадукт харчавання, які складаецца з ачышчаных цэлых або сечаных зярнят розных культур. Ячменныя крупы. Рысавыя крупы. □ Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбачкі. Ракітны.

2. Снег у выглядзе невялікіх шарападобных зярнят. Закруціў вецер, б’ючы ў твар чалавека калянымі, як шрот, крупамі. Хадкевіч.

•••

Надзьмуцца як мыш на крупы гл. надзьмуцца.