жа́ласнік, ‑а, м.
Той, хто праяўляе жаласць да каго‑, чаго‑н.
жа́ласны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае жаласць, спачуванне; жаласлівы. [Лена] часта мела даўгі ў касу ўзаемадапамогі і часта пісала жаласныя заявы ў прафсаюз. Лупсякоў. // Поўны суму, журботы. Ветру не было, а дрот бесперапынку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казкі гэтых панурых лясоў і балот Палесся. Колас.
2. Схільны да спачування; спагадлівы, чуллівы. Жаласны чалавек. □ Вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку. Лынькоў.
жа́ласць, ‑і, ж.
Пачуццё спагады, спачування каму‑, чаму‑н. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Колас. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч.
жале́за, ‑а, н.
1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.
2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.
3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.
жалеза...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «жалеза», напрыклад: жалезабетонны, жалезапракатны, жалезавугляродзісты.
жалезаапрацо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які апрацоўвае жалеза. Жалезаапрацоўчы завод.
жалезабето́н, ‑у, м.
Будаўнічы матэрыял, спалучэнне бетону з жалезнай арматурай. Зямля, здавалася, расколвалася на часткі, дрыжала, трэскаўся жалезабетон бліндажоў. Шамякін.
жалезабето́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жалезабетону; зроблены з жалезабетону. Жалезабетоннае перакрыцце. Жалезабетонныя канструкцыі.