Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самалю́бства, ‑а, н.

Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.

самалячэ́нне, ‑я, н.

Лячэнне самога сябе, без дапамогі ўрача.

самамабіліза́цыя, ‑і, ж.

Мабілізацыя самога (саміх) сябе; праяўленне гатоўнасці да чаго‑н. Самамабілізацыя калектыву на датэрміновае выкананне планавых заданняў.

самамардава́нне, ‑я, н.

Мардаванне самога сябе.

самамаса́ж, ‑у, м.

Расціранне, размінанне самім свайго цела з лячэбнымі або касметычнымі мэтамі. Прыёмы самамасажу. Рабіць самамасаж.

самамаскіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Маскіроўка сябе з мэтай зрабіцца, стаць непрыкметным для іншых. Самамаскіроўка ворага. // перан. Імкненне паказаць сябе не такім, як ёсць. Яго самамаскіроўка была відаць для ўсіх.

самамэ́та, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.

Тое, што для каго‑н. з’яўляецца запаветнай мэтай і вычэрпваецца ёю самой, а не служыць сродкам для дасягнення чаго‑н. іншага. Класічныя ўзоры вершаскладання не былі для Максіма Багдановіча самамэтаю. Майхровіч. Паэтызацыя працы ў Купалы не самамэта, а сродак раскрыцця сілы і здольнасцей працоўнага чалавека. Івашын.

сама́н, ‑у, м.

Цэгла-сырэц, зробленая з сумесі гліны, гною і сечанай саломы. Асабліва радавала Паўла Арсеньевіча будаўніцтва: дамы калгаснікаў, новыя фермы, школы і клубы, некаторыя — упершыню ў гэтых мясцінах — з саману. Брыль.

саманабы́ты, ‑ая, ‑ае.

Набыты асабіста, на свае сродкі, не спадчынны.

саманаво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які аўтаматычна наводзіцца на цэль. Саманаводная ракета.