Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцвісці́, сцвіце; зак.

Наскрозь накрыцца цвіллю. Хлеб сцвіў.

сцвярджа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сцвярджальнага.

сцвярджа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выказвае, выяўляе згоду з чым‑н., пацвярджае што‑н. — На возера? — спытаўся шафёр і, пачуўшы сцвярджальны адказ, крута развярнуў машыну. Дадзіёмаў.

2. Які сцвярджае, устанаўлівае, замацоўвае што‑н. Сцвярджальны пафас сацыялістычнага рэалізму праяўляецца ў адстойванні ідэалаў новага. Гіст. бел. сав. літ. Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла.

3. Спец. Які мае ў сабе сцверджанне. Сцвярджальнае суджэнне.

сцвярджа́цца, ‑аецца; незак.

1. Гаварыцца, выказвацца дзе‑н. Важная думка пра тое, што трэба быць заўсёды і ва ўсім сумленным, сцвярджаецца ў апавяданні «Індык». «Полымя».

2. Зал. да сцвярджаць.

сцвярджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да сцвердзіць.

2. што, з дадан. сказам і без дап. Упэўнена выказваць што‑н.; настойліва гаварыць, упэўніваючы ў чым‑н. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Шыцік. А толькі адно вам сцвярджаю сягоння, Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць, Што хлопец прынадны, Што майстра сапраўдны! Броўка. Спрадвеку, як людзі сцвярджаюць. Праз бор наш гасцінец ляжаў. Калачынскі.

сцвярджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцвярджаць — сцвердзіць і сцвярджацца.

2. Пацвярджэнне чаго‑н. — Ужо тэлеграму атрымаў, — задаволена адказаў Хадкевіч і, нібы ў знак сцвярджэння сваіх слоў, выцягнуў з бумажніка Любіну тэлеграму. Васілевіч. Каравы пераклад нямецкага тэксту .. міжвольна гучаў як сцвярджэнне таго, што свабодны народ не так лёгка скарыць. Брыль.

сцвярдзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў цвёрдым. [Крушынскі] праз шыбы назіраў за тым, як надыходзіла восень, як яна шалясцела па дрэвах, шурш[э]ла сцвярдзелым .. лісцем. Бядуля.

сцвярдзе́ць, ‑ее; зак.

Стаць цвёрдым. Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, затым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала, дык .. можаш падумаць, што сапраўды брук у цябе пад нагамі або нават асфальт. Кулакоўскі.

сцебану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да сцябаць, сцёбаць.

2. Ужываецца замест таго ці іншага дзеяслова для вызначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай, энергіяй і пад. Тут яго [Сотнікава] згледзелі, ззаду данёсся крык і недалёкі стрэл — куля імпэтна сцебанула па ягоных штанах. Быкаў. На шашы ўспыхнулі агні і сцебанулі аж па вярбе, што ў Выжлятніка па агародзе. Пташнікаў. Палыхаючы, зноў сцебанула неба маланка. Васілевіч.

сцеблава́нне, ‑я, н.

Спец. З’яўленне ў караняплодаў насенных парасткаў, кветаносных сцёблаў. Сцеблаванне буракоў.