схудне́лы, ‑ая, ‑ае.
Моцна пахудзелы, худы. [Шабуніха] азірнулася на голас, убачыла старую жанчыну са схуднелым, зняможаным тварам. Мележ. Дзіця так і заснула ў .. [дзеда] на руках — бруднае, схуднелае і стомленае. Чыгрынаў.
схудне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Моцна пахудзець, стаць худым. [Максім:] — Паглядзеў бы ты на сябе, як ты [Давід] схуднеў, а вочы не запалі, а праваліліся. Машара. Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, бы ім завалодала старасць, якая вось-вось зусім сагне, скруціць чалавека. Сабаленка. Эх, Мірон, Мірон, і быў ты ўжо немалады, а за гэты час асунуўся, схуднеў, дык зусім стаў як дзядуля... Марціновіч.
сцадзі́ць, сцаджу, сцэдзіш, сцадзіць; зак., што.
Зліць, выліць (вадкасць), працэджваючы праз што‑н. Сцадзіць малако ў збаны. // Зліць (вадкасць) з аселай гушчы або зліць (частку вадкасці) не боўтаючы. Сцадзіць ваду з крухмалу. // Убавіць якую‑н. колькасць. Сцадзіць малако з грудзей.
сца́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сцапаць.
сца́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Узяць рэзкім рухам (рук, зубоў); схапіць. — Я ведаю, не першы раз, — увесь заварушыўся Яўхім, — нічога, мы яе [рыбу] сцапаем... Пестрак.
2. перан. Арыштаваць, затрымаць, злавіць. Застаецца больш рэальным адно меркаванне: .. [Марынчук] напароўся на немцаў ці на паліцыю, і тыя яго сцапалі. С. Александровіч. На месцы засады .. [Косця] дасць сігнал, хлопцы выскачаць і сцапаюць бургамістра, а Косця паможа ім. Новікаў.
сцве́рджанне, ‑я, н.
Палажэнне, выказванне. Я здзівіўся супярэчлівасці сцверджанняў на адной і той жа старонцы пры характарыстыкі вобраза Сымона. Ларчанка.
сцве́рджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сцвердзіць.
сцве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Увесці ў дзеянне, устанавіць, канчаткова замацаваць. З’явіўся новы герой гісторыі — чалавек, народжаны рэвалюцыяй, будаўнік новага сацыялістычнага грамадства, якое павінна было сцвердзіць на зямлі справядлівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі. «Маладосць». Кастрычніцкая рэвалюцыя .. сцвердзіла добраахвотнае супрацоўніцтва і саюз народаў. Бярозкін.
2. Афіцыйна ўхваліць, прызнаць устаноўленым. Сцвердзіць дагавор подпісам.
3. Пацвердзіць што‑н. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба. — Гэты, — нібы сцвердзіў Рафал. — Вядома. Хто ж яшчэ? Караткевіч. — Павел Адамавіч?! — гэтак жа запытаў і сцвердзіў адначасова завуч. Шамякін. — Што .. [Таня] змяніла свае адносіны да нас, я гэта даўно заўважыла, — сцвердзіла Вера. Машара. // З’явіцца доказам, пацвярджэннем чаго‑н. Чалавечнасць для тоўхартаў — слабасць. Ды толькі гісторыя сцвердзіла адваротнае, калі тоўхарты дарваліся да ўлады ў Германіі, а потым рынуліся на другія краіны і народы. Адамовіч.
4. Вызначыць, устанавіць. Прывялі ваеннага ўрача, маладога, сімпатычнага чалавека. Сцвердзіў халеру і сказаў, што ратаваць можна было гадзіну таму назад. Таўлай.
5. Усвядоміць вартасць, значнасць сябе, сваёй асобы. Антанюк імкнецца зразумець сябе, сцвердзіць сваю асобу як прынцыповага абаронцу справядлівасці. Юрэвіч. Яўген Шабан — аўтар зборніка «Нарачанка» — спрабуе сцвердзіць свае лірычнае «я», настойліва акцэнтуючы тэму ўслаўлення Нарачы як выключна сваю. Лойка.