Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скаро́дзіцца, ‑родзіцца; незак.

Зал. да скародзіць.

скаро́дзіць, ‑роджу, ‑родзіш, ‑родзіць і скарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што і без дап.

1. Разрыхляць бараной зямлю. Вадзіць каня на начлег я пачаў з год васьмі, скародзіць і араць, — калі яшчэ не ставала сілы ўскласці плуг на калёсы. Русецкі. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. — Тады запрагайце, хлопцы, коней і гайда ячмень скародзіць! — распарадзілася Нінка. Сяркоў.

2. Пакідаць баразну, след. [Янук] скародзіў .. [нагамі] снег, упіраючыся ў кожны выступ зямлі. Лупсякоў. / у перан. ужыв. Зноў завялі сець, зноў пачалі скародзіць мора. Караткевіч.

скаро́міна, ‑ы, ж.

Разм. Скаромная ежа; скаромнае. Барадаты, які скароміны асабліва не паважаў, налягаў больш на селядцы і на цукар. Лынькоў. Маці забедавала, што нічога не можа даць са скароміны, бо сала сваё мы даўно з’елі. Якімовіч.

скаро́міцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; незак.

Разм.

1. Уст. Есці ў посныя дні скаромную ежу насуперак настаўленням рэлігіі.

2. Ужываць непрыстойныя словы. Бацьку заўсёды прыгадваю як чалавека вельмі стрыманага, які ніколі не скароміўся брыдкім словам. Лужанін.

скаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., каго-што.

Разм. Уст. Карміць скаромнай ежай у посныя дні.

скаро́мнік, ‑а, м.

Разм.

1. Уст. Той, хто ўжывае ў посныя дні скаромную ежу, не песціць.

2. Той, хто ўжывае непрыстойныя словы.

скаро́мніна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і скароміна. [Алеся:] — З гэтага боку ляжыць ежа: вось тут сыр, а каля яго сала, у тым куточку кілбаса і вяндліна. Паміж бялізнай і скаромнінай — пышачкі, хлеб. Пальчэўскі.

скаро́мніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да скаромнік.

скаро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Паводле рэлігійных прадпісанняў — забаронены для яды ў час посту (пра мяса, сала, малако і пад.). Скаромная ежа. Скаромны суп. □ Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // у знач. наз. скаро́мнае, ‑ага, н. Мясная і малочная ежа. [Бацька:] — Ты, можа, скаромнага не будзеш есці, Аўдоля, напэўна ж посціш, то мо табе гуркоў з расолам прынесці? Чарнышэвіч. Усім скаромным загадвае старая. Крапіва.

2. перан. Разм. Непрыстойны. Скаромны анекдот.

•••

Скаромны дзень гл. дзень.

скаро́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скарыць.