ска́рга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
1. Выражэнне незадавальнення, нараканне з прычыны якіх‑н. непрыемнасцей, болю і пад. Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Якімовіч. У лірычных вершах паэтэсы [Цёткі], а таксама ў яе пісьмах чуюцца скаргі на цяжкія пакуты, якія ёй прыносіла хвароба. Шкраба.
2. Афіцыйная заява аб незаконным або няправільным дзеянні якой‑н. асобы, установы, арганізацыі. Касацыйная скарга. □ Старая Марцініха пісала скаргу на свайго сына. Кавалёў.
ска́ргавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скаргі (у 2 знач.). Скаргавая камісія.
ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.
2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.
3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.
ска́ржнік, ‑а, м.
Той, хто падае скаргу, хто скардзіцца.
скаржэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Высахлы, зацвярдзелы. — Цётачка, любенькая, — сказаў .. [Васіль], як калісь у маленстве. Ступіў да яе, узяў маленькую, лёгенькую, скаржэлую руку, пацалаваў. Кірэенка.
скаржэ́ць, ‑эе; зак.
Абл. Высахнуць, зацвярдзець. Счарнела пад бярозаю карытца. Зацвіў, скаржэў бярозавік на дне. Кірэенка.
скармі́ць, скармлю, скорміш, скорміць; зак., што.
Зрасходаваць на корм жывёле. Скарміць каровам кукурузны сілас. □ Атаву ж косяць восенню, калі ідуць дажджы .. Яна сыраватая, і яе спяшаюцца скарміць коням і каровам раней, чым сена. «Маладосць». // Разм. Зрасходаваць на ежу людзям.
скаро́джанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скародзіць.
скаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скародзіць.