скараспе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Скараспелы плод, а таксама расліна, якая дае такія плады. Яблыня-скараспелка. □ Хоць лета выдалася сухаватае, але бульба расла добра, і ўжо нешта ў канцы ліпеня была гатова скараспелка. Дуброўскі.
скараспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка дасягае спеласці (пра расліны, плады, сельскагаспадарчую жывёлу). Скараспелая парода жывёлы. □ Вясковыя бабы ўжо спрабавалі мацаць на гародах скараспелую бульбу. Чыгрынаў. Побач з нашымі мясцовымі пародамі — дубам, сасной, ялінай, скараспелай асінай — лістоўніца павінна заняць ганаровае месца. Мяжэвіч. // Які мае адносіны да развядзення хутка паспяваючых парод, сартоў. Скараспелая мясная жывёлагадоўля.
2. перан. Разм., часцей іран. Які рана і без належнай падрыхтоўкі выступіў на якой‑н. ніве дзейнасці. Скараспелы паэт.
3. перан. Разм. Занадта хутка зроблены, атрыманы; паспешны, неабдуманы. І. Замоцін не прызнаваў скараспелых метадалагічных і тэарэтычных канцэпцый. Мушынскі. Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Шашкоў. Пасля гаворкі з Паўлам Квітуном Міхаль цвёрда надумаў ажаніцца з Любай, але ўжо назаўтра рашэнне гэтае здалося яму вельмі скараспелым. Чарнышэвіч.
скарастрэ́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пэўнай зброі рабіць максімальную колькасць выстралаў у адзінку часу. Баявая скарастрэльнасць вінтоўкі.
скарастрэ́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую скарастрэльнасць. Білі скарастрэльныя гарматы, захліпаліся кулямёты на вежах бронецягніка. Лынькоў.
скарасцяме́р, ‑а, м.
Прылада для вымярэння скорасці (хуткасці) руху. Магнітны скарасцямер.
скарата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да каратаць.
скарахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Той, хто вельмі хутка ходзіць, бегае. — А я думаю: што гэта за скараходы наперадзе, дагнаць немагчыма! — адразу пажартаваў.. [лейтэнант]. Лось. / у перан. ужыв. Андрэй Завацкі спыніў на дарозе калгасную машыну і спытаў у вадзіцеля: — Куды ж гэта ты, скараход мой, ляціш? Ваданосаў. // Спартсмен, спецыяліст па скарасному бегу (на каньках, лыжах і пад.). // Даўней — пасыльны, ганец.
•••
Боты-скараходы гл. боты.
скарахо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да скарахода, уласцівы яму.
2. Які мае вялікую хуткасць руху; быстраходны. Скараходнае судна.
скараце́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць скарацечнага. Скарацечнасць жыцця.
скараце́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які хутка праходзіць. Скарацечнае лета. □ Як толькі батальён падышоў да Катловіцы, партызаны імітавалі скарацечны, але зацяты бой, у якім не было ні забітых, ні параненых. Сабаленка.
•••
Скарацечныя сухоты (уст.) гл. сухоты.