скараці́цца, ‑роціцца; зак.
1. Стаць кароткім або больш кароткім. Пасля рэдагавання артыкул скараціўся. □ Але вось ланцужок самазвалаў прыкметна скараціўся, вось ужо загружана апошняя машына. Дадзіёмаў. // Стаць менш працяглым у часе. Рабочы цыкл экскаватара скараціўся на 15 секунд. Лукша.
2. Зменшыцца колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Колькасць [белых мядзведзяў] за апошнія гады рэзка скарацілася. Матрунёнак. Па даных Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, у часе «рэйкавай вайны» перавозкі праціўніка скараціліся на 40 працэнтаў. Дзенісевіч. // Звузіцца, зменшыцца (пра вытворчасці выраб чаго‑н. і пад.). Вытворчасць асобных тавараў скарацілася.
3. Сціснуўшыся, зменшыцца па даўжыні, у аб’ёме (пра тканкі, органы, клеткі). Мышцы скараціліся.
4. У матэматыцы — выразіцца ў меншых ліках пасля дзялення на які‑н. лік.
скараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць кароткім або больш кароткім. Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Хомчанка. Я павярнула, каб скараціць шлях, у сквер. Савіцкі. Вершы Танка нельга дапоўніць дадатковымі строфамі або скараціць. Кучар. Настаўніца не толькі выправіла граматычныя памылкі, але і скараціла тэкст. Жычка. // Зрабіць менш працяглым у часе. Скараціць рабочы дзень. □ — Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. Васілевіч. // Заняць, запоўніць час чым‑н.; зрабіць менш прыкметным час працякання чаго‑н. — Мо шахматы прынесці? — пытаецца Меер. — Давай, скароцім час. Карпюк. Відаць, .. [суседу Міхася] таксама было холадна і нудна, ён гаворкай хацеў скараціць чаканне раніцы. Машара. // Замест поўнай назвы абазначыць што‑н. пачатковай літарай, часткай слова і пад.
2. Зменшыць, абмежаваць колькасна або па велічыні, у аб’ёме. Скараціць штаты. □ Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Паслядовіч. // Звузіць, зменшыць (вытворчасць, выраб чаго‑н. і пад.). Скараціць вытворчасць.
3. Разм. Звольніць (з работы, службы). Але тут пачаліся розныя непрыемнасці на фабрыцы. Скарацілі чамусьці з сотню рабочых. Лынькоў.
4. У матэматыцы — падзяліўшы на які‑н. лік, выразіць у меншых ліках. Скараціць дроб.
скара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скарыцца.
2. Зал. да скараць 1.
скара́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скарыць.
скара́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Тое, што і пакараць 1. Няхай бы паню смерць забіла, Як цяжка нас яна скарала: Навек з табою разлучыла І не страчацца паказала. Глебка.
скара́ч, ‑а, м.
Абл. Ручнік з доўгімі махрамі. Бярэ дзед скарач, канцы ў вадзе мочыць, выкручвае, прылаўчаецца ямчэй па мухах секануць. Колас. — Змоўкні кажу! — уз’елася маці і, схапіўшы скарач, хвасянула .. па плячах. Крапіва. [Маці] борздзенька выцерла скарачом лаву каля стала. Якімовіч.
скарача́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лікаў скарачацца. Скарачальнасць дробаў.
2. Уласцівасць тканак жывога арганізма скарачацца. Скарачальнасць мышачнай тканкі.
скарача́льны, ‑ая, ‑ае.
Якому ўласціва скарачальнасць. Скарачальныя лікі. Скарачальнае рэчыва мышачнай тканкі.
скарача́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скараціцца.
2. на што. Мець уласцівасць у выніку дзялення на які‑н. лік выражацца ў меншых ліках. Дроб 4/6 скарачаецца на 2.
3. Мець уласцівасць, сціскаючыся, змяншацца па даўжыні, у аб’ёме (пра тканкі, органы, клеткі).
4. Зал. да скарачаць.
скарача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скараціць.
скарачэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скарачаць — скараціць і скарачацца — скараціцца; стан паводле дзеясл. скарачацца — скараціцца (у 3 знач.).
2. Скарочанае абазначэнне, назва каго‑, чаго‑н. Умоўныя скарачэнні.
3. Пропуск у якім‑н. тэксце; купюра 1. Пераклад артыкула са скарачэннямі.
4. Разм. Звальненне з работы. Скарачэнне супрацоўнікаў.