Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скарб, ‑у, м.

1. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце. Кляшторны. Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі. Дубоўка. // Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць. Калачынскі. Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі. Прыходзька.

2. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры. Лушчыцкі. Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем. «Полымя». // Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту. Майхровіч.

3. перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб. Дуброўскі. Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё! Кірэенка. Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі. Дубоўка. Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее. Шыцік. // іран. ужыв. [Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі. // Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою. Брыль. Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам. Сяргейчык. Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ. Бядуля.

4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны. Нядзведскі.

5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні. Маркс. [Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб. Якімовіч. І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы. Алешка. / у іран. ужыв. Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб. Пальчэўскі.

6. Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі. Колас. Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты. Сабаленка. Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы. Лупсякоў. За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам. Мележ.

7. Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. І грошы тыя начальства забрала да скарбу. Гарэцкі.

[Польск. skarb.]

скарбашука́льнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца пошукамі скарбаў.

ска́рбнік, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі — хавальнік дзяржаўнага скарбу. // Уст. Манах, які загадваў гаспадаркай у мужчынскім манастыры. [Ёган:] Грошы, Што я даваў на скупку вэксалёў, Вы аддасце ў кляштар скарбніку. Клімковіч. // Наогул пра асобу, якая загадвае якімі‑н. дзяржаўнымі або грамадскімі каштоўнасцямі. Андрэя абралі скарбнікам — збіраць і насіць камітэцкую казну. Пестрак. Два парабкі.. сядзелі ў пастарунку заарыштаванымі за падазрэнне ў нападзенні на скарбніка, які вёз грошы ў дывізійную касу. Чарот.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — кіраўнік казначэйства. Насваволілі .. [гусары] вышэй меры. П’яныя намагаліся патрабаваць сатысфакцыю ў губернскага скарбніка. Караткевіч.

[Польск. skarbnik.]

ска́рбніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей. Царская скарбніца. □ Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. Караткевіч.

2. Матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, багацце. Насустрач па шашы імчаліся машыны І з цэглай, і з жалезам, і з рудой, Багаты ўраджай, удой Плылі ўвесь час у скарбніцы краіны. Корбан. // перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей. Ленінізм — скарбніца вечна жывога творчага марксізма. «Полымя». Міхась Чарот .. напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. Хведаровіч. // перан. Невычэрпная крыніца чаго‑н. У фальклоры паэт [М. Танк] знайшоў для сябе найбагацейшую скарбніцу ідэй, матываў, вобразаў, сюжэтаў. Гіст. бел. сав. літ. Абодва дзяды .. для дапытлівага, цікаўнага ўнука былі цэлай скарбніцай спазнання свету, энцыклапедыяй народнага жыцця. Вітка.

3. Месца сканцэнтравання якіх‑н. каштоўнасцей. [Луўр] — багацейшая скарбніца жывапісу і скульптуры, размешчаных у шасці аддзелах, кожны з якіх па сутнасці з’яўляецца музеем. Філімонаў.

4. Даўней — казна; месца захоўвання казны. Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны .. выгляд: .. направа .. мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Гартны.

[Польск. skarbnica.]

ска́рбніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скарбніка.

скарбо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Гаспадарча-фінансавы. Скарбовая канцылярыя гетмана.

2. Уст. Які належаў казне, казённы; дзяржаўны. Хутарок быў пабудаваны .. па арандаванай скарбовай зямлі. Колас. На настаўнікі двор уз’ехала натоптаная сенам скарбовая параконка. Лобан. Ні за якія грошы не хацелі [людзі] на скарбовым полі класці сваю працу. Калюга.

скарбо́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скарбонкі (у 2 знач.). Скарбоначны збор.

скарбо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Скрыначка, бляшанка і пад. з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай. Устаўшы раніцай,.. [Юра] разбіў сваю фарфоравую скарбонку і пералічыў грошы. Было аж дваццаць два рублі. Бяганская. На камодзе яго [Шулікава] ўвагу прыцягнула скарбонка, зробленая ў выглядзе прыгожага белага сабачкі з чырвоным банцікам на шыі. Васілёнак. // Бляшанка для збору ахвяраванняў (у царкве, на відовішчах і пад.). А ў царкве ўсё прыбывае Падманутых людзей. Грыміць Царкоўная скарбонка! Корбан. У зале пачыналіся скокі, і медныя гукі аркестра зліваліся з бразга[там] медзякоў у пустыя скарбонкі. Гартны. // перан. Запас грошай; асабовы рахунак эканоміі сродкаў. [Кіра:] — Мы, тата, у камсамольскую скарбонку не адну тысячу паклалі. Карпаў. У скарбонку ашчаднасць пакладзены новыя тысячы рублёў. «Звязда».

2. Тое, што і скарбніца (у 2 знач.). На шчасце, паявіўся Кібрык, які быў сапраўднай скарбонкай розных звестак і чутак. Шыцік. Аповесць «Дрыгва» ўвайшла ў скарбонку не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай літаратуры. «ЛіМ».

скарбу́т, ‑у, М ‑буце, м.

Уст. Тое, што і дынга.

[Ням. Skorbut.]

скарбу́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скарбуту. Скарбутная пухліна.