Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сфантазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што і без дап.

Выдумаць, прыдумаць. Балетмайстар сфантазіраваў «усход сонца» вельмі пышна і зграбна. Бядуля.

сфармава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сфармаваць.

сфармава́цца, ‑муецца; зак.

Прыняць тую ці іншую форму ў працэсе апрацоўкі, штампоўкі або адліўкі.

сфармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.

1. Надаючы тую ці іншую форму, вырабіць што‑н. шляхам штампоўкі, адліўкі і пад. Сфармаваць вазу.

2. Зрабіць форму для адліўкі, ліцця чаго‑н.

сфармірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сфарміраваць і сфарміравацца.

сфармірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сфарміраваць.

сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

сфармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Надаць каму‑, чаму‑н., якую‑н. форму, выгляд. Сфарміраваць кроку дрэва.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. устойлівыя, закончаныя рысы, уласцівасці. Сфарміраваць характар. Сфарміраваць светапогляд. □ Адзін рэжысёр не можа сфарміраваць аблічча тэатра. «ЛіМ». // Выпрацаваць тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. Максіма Танка як свядомага грамадзяніна сфарміравала рэвалюцыйная барацьба заходнебеларускага народа за сваё вызваленне. Бугаёў.

3. Арганізаваць, скласці, стварыць (калектыў, установу і пад.). Сфарміраваць у рад. Сфарміраваць разведачную экспедыцыю. // Арганізаваць, камплектуючы людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). Сфарміраваць полк. □ Мінькову даручылі за тры дні .. сфарміраваць для дапамогі партызанскаму краю зборны атрад, забраўшы са сваёй і дзвюх суседніх брыгад па дзве ўзмоцненыя роты. Хадкевіч.

4. Саставіць (поезд), счапляючы вагоны. — Калі .. [ворагі] падыходзілі да горада, мы паспелі сфарміраваць эшалон і адагнаць яго ў Смаленск, — расказваў Медны. Няхай.

сфарміро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сфарміравацца.

2. Зал. да сфарміроўваць.

сфарміро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сфарміраваць.