Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сушы́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да сушыльшчык.

сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.

1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.

2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.

3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.

4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

сушэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. сухі.

сушэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. сушыць (у 1, 2 знач.).

сушэ́ць, ‑эе; незак.

Рабіцца больш сухім. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. Колас.

сфабрыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сфабрыкаваць.

сфабрыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Падрабіць што‑н. Сфабрыкаваць дакументы. // перан. Арганізаваць, стварыць што‑н. заганнае, нядобрае, ганебнае. Сфабрыкаваць судовы працэс.

сфа́гнавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сфагнуму. Сфагнавае покрыва. Сфагнавы мох. // Парослы сфагнумам. Сфагнавае балота. // Які ўтварыўся са сфагнуму. Сфагнавы торф.

сфа́гнум, ‑у, м.

Тарфяны мох, а таксама торф, які ўтварыўся з гэтага моху.

[Ад грэч. sphagnos — род моху.]