су́шаніца, ‑ы, ж.
Лекавая расліна сямейства складанакветных.
су́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сушыць.
2. у знач. прым. Высушаны, нарыхтаваны шляхам сушкі. Сушаныя грыбы. □ Кожны дзень бабуля ўзнагароджвала мяне .. сушанай морквай і арэхамі. Бядуля. Дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі. Брыль.
су́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. сушыць (у 1, 2 знач.).
2. Р мн. су́шак. Малы, тонкі і сухі абаранак. Купіць кілаграм сушак. Ванільныя сушкі.
су́шневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сушні.
су́шня, ‑і, ж.
Памяшканне, дзе сушаць снапы збожжа ці лёну; асець. Вы паглядзіце, гумно ў вас там стаяла добрае з сушняй. Ермаловіч. У сушні .. [Зося і Міхалка] прытуліліся адпачыць і паснулі на кастрыцы. Чорны.
сушня́к, ‑у. м., зб.
Разм. Сухастой; сухое сучча, галлё. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў. Лячу па лесе, як лось. Трашчыць сушняк, шчыміць пад ударамі голля твар. Брыль.
сушы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Прыстасаванне, устаноўка для сушкі чаго‑н. Барабанная сушылка.
2. Памяшканне, дзе адбываецца сушка, прасушванне чаго‑н. Суконнае прадпрыемства ў Хомску Кобрынскага павета размяшчалася ў 13 мураваных і драўляных будынках: самы вялікі двухпавярховы дом — два цэхі.., яшчэ адзін мураваны дом. .. Астатнія, драўляныя памяшканні — [фарбавальня], сушылка, сталярная, слясарная і іншыя майстэрні. «Помнікі».
сушы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для сушкі чаго‑н. Сушыльны цэх. Сушыльная шафа. □ Прафесар паказаў рукой на будынак. — У гэтай палове сама станцыя, — сказаў ён, — а злева сушыльнае аддзяленне брыкетнага завода. Галавач.
сушы́льня, ‑і, ж.
Тое, што і сушылка (у 2 знач.). У праходах паміж машынамі беглі рабочыя, .. пхалі перад сабою ў сушыльню вагончыкі. Чорны.
сушы́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца сушкай чаго‑н. Пасля дзевятага класа [Коля] кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам. Грахоўскі.