суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.
суці́шанасць, ‑і, ж.
Стан супакою, цішыні. Мякчэе ласка. Як у сне, Суцішанасць і лёгкі солад. Як журавінка ў свежы снег, — З акна скаціўся зябкі золак. Грачанікаў.
суці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад суцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; супакоены. Суцішанае дзіця. // Стомлены працай. Маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Быкаў.
3. у знач. прым. Прыцішаны, ціхі. У чайной суцішаны смех, шэпт. Васілевіч. // Аслаблены ў сваім праяўленні. Міша баяўся выпадковым словам развярэдзіць яе [Полі] свежы, яшчэ не суцішаны боль. Арочка.
суціша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да суцішыцца.
2. Зал. да суцішаць.
суціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да суцішыць.
суці́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцішваць — суцішыць.
суці́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да суцішыцца.
2. Зал. да суцішваць.
суці́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да суцішыць.
суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.
2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.
3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.
суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.
2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.
3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.