Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парэ́з 1, ‑у, м.

Парэзанае месца; рана, зробленая чым‑н. вострым. Галіўся.. [Ермакоў], відаць, сам, спяшаючыся, бо на твары былі парэзы. Мележ.

парэ́з 2, ‑у, м.

Спец. Частковы параліч, аслабленне актыўнай здольнасці мышцаў.

[Ад грэч. páresis — аслабленне.]

парэ́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парэзаць.

2. у знач. прым. Паранены, пакалечаны. Парэзаны палец.

парэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

Парэзаць, параніць сябе чым‑н. вострым, навостраным.

парэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Параніць чым‑н. вострым, абрэзаць. Адной рукой і галавой .. [Таццяна] ударыла ў раму, выбіла яе і выскачыла на вуліцу. Аб шкло парэзала лоб, руку і ногі. Шамякін. — Кінь гэтае шкло, твар парэжаш. — Дзяўчынка прытуліла шкло да грудзей. Чорны.

2. Нарэзаць, разрэзаць на часткі. Парэзаць хлеб. □ [Настаўніца] пароўну падзяляла цукеркі на ўсіх, парэзала торг на роўныя часткі, пачала наліваць чай. Няхай. // перан. Падзяліць, раздзяліць. Да апошняй ніткі абабраў ён [пан] вёску, Нават луг парэзаў, злыдзень, на палоскі, Каб садраць з прыгонных большыя аброкі. Бажко. // Папілаваць. [Грачова:] — З шафёрам Парэмчыкам цэлую машыну дроў яму парэзала. І ўсім у двары па ваду, дурненькая, бегае... Ракітны.

3. Зарэзаць, забіць усё, многае або ўсіх, многіх. Напрадвесні прыйшлі немцы. Хлеб увесь з магазінаў і свірнаў забралі, скаціну парэзалі. Жычка.

4. перан. Спаласаваць, зрэзаць, змаршчыніць. Відзён і калючы дрот белых, а за ім тры лініі акопаў парэзалі зямлю. Барашка. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт — глыбокія маршчыны парэзалі твар і лоб. Шыцік.

5. перан. Намнога, у многіх месцах скараціць (пра артыкул, нарыс і пад.). Аднак што атрымалася? У другой карэктуры нарыс нехта — пакрамсаў і парэзаў. Нават не толькі парэзаў. Усе першыя абзацы... выкінуты. Грамовіч.

6. і без дап. Рэзаць некаторы час.

парэ́знік, ‑у, м.

Двухгадовая або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых, якая расце на ўзгорках у стэпах і між кустоў у камяністых месцах.

парэ́й, ‑ю, м.

Адзін з культурных відаў цыбулі з падоўжанай цыбулінай і плоскімі лістамі, прыгоднымі для яды.

[Ад лац. porrum.]

парэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе.

Зак. да рэкамендаваць.

парэнхі́ма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Асноўная тканка якога‑н. органа. Парэнхіма лёгкіх.

2. Асноўная тканка раслін, якая складаецца з клетак аднолькавага памеру.

[Ад грэч. parénchýma — напаўненне.]

парэнхімато́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Тое, што і парэнхіматычны.

2. Звязаны са страваваннем, якое ажыццяўляецца плазмай клетак. Парэнхіматозныя органы.

парэнхіматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да парэнхімы.