парэзаць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Параніць чым‑н. вострым, абрэзаць. Адной рукой і галавой .. [Таццяна] ударыла ў раму, выбіла яе і выскачыла на вуліцу. Аб шкло парэзала лоб, руку і ногі. Шамякін. — Кінь гэтае шкло, твар парэжаш. — Дзяўчынка прытуліла шкло да грудзей. Чорны.

2. Нарэзаць, разрэзаць на часткі. Парэзаць хлеб. ▪ [Настаўніца] пароўну падзяляла цукеркі на ўсіх, парэзала торг на роўныя часткі, пачала наліваць чай. Няхай. // перан. Падзяліць, раздзяліць. Да апошняй ніткі абабраў ён [пан] вёску, Нават луг парэзаў, злыдзень, на палоскі, Каб садраць з прыгонных большыя аброкі. Бажко. // Папілаваць. [Грачова:] — З шафёрам Парэмчыкам цэлую машыну дроў яму парэзала. І ўсім у двары па ваду, дурненькая, бегае... Ракітны.

3. Зарэзаць, забіць усё, многае або ўсіх, многіх. Напрадвесні прыйшлі немцы. Хлеб увесь з магазінаў і свірнаў забралі, скаціну парэзалі. Жычка.

4. перан. Спаласаваць, зрэзаць, змаршчыніць. Відзён і калючы дрот белых, а за ім тры лініі акопаў парэзалі зямлю. Барашка. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт — глыбокія маршчыны парэзалі твар і лоб. Шыцік.

5. перан. Намнога, у многіх месцах скараціць (пра артыкул, нарыс і пад.). Аднак што атрымалася? У другой карэктуры нарыс нехта — пакрамсаў і парэзаў. Нават не толькі парэзаў. Усе першыя абзацы... выкінуты. Грамовіч.

6. і без дап. Рэзаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)