Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цырымо́нія, ‑і, ж.

1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка. «Звязда». Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці. «ЛіМ».

2. Разм. жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі. Зарэцкі.

3. звычайна мн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі. Шамякін. [Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!.. Мележ.

[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]

цырымо́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цырымоннага; захаванне ўмоўнасцей у паводзінах. З усходняй цырымоннасцю.. [прамоўца] зноў доўга дзякаваў старшыні за прадастаўленае яму слова. Лынькоў.

цырымо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цырымоніі, звязаны з ёю. Цырымонны крок. Цырымонны марш. □ Якімку з Уладзікам.. [Дубоўскі] сустрэў цырымонным паклонам. Курто.

2. Які адпавядае патрабаванням этыкету; які захоўвае правілы этыкету. І гэта былі такія цырымонныя людзі, што ледзь не набілі лбы. «Звязда».

цы́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

1. Шчыльная абалонка вакол некаторых аднаклетачных жывёльных і раслінных арганізмаў, якая засцерагае іх пры неспрыяльным навакольным асяроддзі ці ў пэўныя моманты іх жыццёвага цыкла.

2. Спец. Асобая скрынка для захавання старажытных рукапісаў, папірусаў. Металічная цыста.

[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр.]

цыстаскапі́я, ‑і, ж.

Метад даследавання ўнутранай паверхні мачавога пузыра з дапамогай цыстаскопа.

[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр і skopéō — гляджу, назіраю.]

цыстаско́п, ‑а, м.

Інструмент для агляду поласці мачавога пузыра.

[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр і skopéō — гляджу.]

цысты́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Вострае або хранічнае запаленне мачавога пузыра.

[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр.]

цыстэ́рна, ‑ы, ж.

Рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей. Напоўняць [ветракі] цыстэрны празрыстай вадой. Астрэйка. // Вагон ці аўтамабіль з цыліндрычным рэзервуарам для перавозкі вадкасцей, газаў і пылападобных грузаў (цэменту і інш.). Потым над палоскай ельніку мы ўбачылі паравоз, за ім жвава беглі, пазвоньваючы на рэйках, цыстэрны і чырвоныя вагоны таварняка. Хадкевіч.

[Ад лац. cisterna — вадаём.]

цыстэ́рнавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыстэрны, належыць ёй. Дубок браў гэтыя посцілкі.., каб прывязаць на цыстэрнавыя краны, калі адкруцяць на іх пробкі. Лынькоў.

цыта...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да раслінных або жывёльных клетак, напрыклад: цытагенетыка, цыталогія, цытаплазма, цытахром.

[Ад грэч. kýtos — ёмішча, клетка.]