сусе́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да суседа, належыць яму. Суседская хата. Суседская дачка. □ Пачнеш араць — глядзі, каб незнарок суседскі не крануць шнурок. А. Вольскі. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку. С. Александровіч. Калі ў суседскім садзе пачынаюць пунсавець гронкі рабіны, значыць, лета канчаецца. Кандрусевіч. // Які мае адносіны да суседзяў і іх узаемаадносін. Супрацоўніцтва [партызан] з мясцовым насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль.
2. Які жыве па суседству. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначніка, .. [Вася] бадзёра на[йгра]ваў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.
сусе́дства, ‑а, н.
1. Блізкасць з кім‑, чым‑н. па месцу жыхарства. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлопцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Грахоўскі. [Некрашэвічы і Нарбутовічы] жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Чарнышэвіч. // Блізкасць, сумежнасць з кім‑, чым‑н. па месцу знаходжання, размяшчэння. Стаіць .. [хата] наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Колас. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. Бачыла.
су́сла 1, ‑а, н.
1. Адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, які ідзе на выраб піва і квасу.
2. Сок адціснутага вінаграду.
су́сла 2, ‑ы, ж.
Абл.
1. Самаробная соска або жвачка (звычайна з хлеба з цукрам), якую даюць дзіцяці. [Кастусь:] — Калі Вова прачнецца і будзе плакаць, дасцё суслу. Яна ў калысцы. Кудравец. На палічцы ляжыць распачаты бохан хлеба. Я адломваю кавалак мякіша, пачынаю жаваць, каб зрабіць суслу. Асіпенка.
2. перан. Пра папяросу, люльку і пад. Зязюльскі шпурнуў сваю суслу-папяросу. Колас. Ох і перападала Лаўрэну ад бабкі Валі за гэтыя суслы, як яна звала цыгарэты. Сабаленка.
су́славы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сусла 1, прыгатаваны з сусла.
су́слік, ‑а, м.
Невялікі грызун сямейства вавёркавых, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам. Тоўстыя, нібы купцы, суслікі са смешнымі вусатымі мордачкамі стаялі, як слупкі, то тут, то там ля сваіх норак. Даніленка.
су́слікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сусліка, належыць яму. Суслікавыя норы.
су́сліць, ‑слю, ‑сліш, ‑сліць; незак., што.
Разм.
1. Павольна, нетаропка смактаць што‑н. [Толік:] — Я маўчу, суслю гасцінец, а мама ўсё загаворвае наперад, што мой тата бог ведае дзе. Мыслівец.
2. Жаваць, слінячы што‑н. Браць цяпер прамгасаўскіх жарабят .. [стары воўк] не мог — з такімі зубамі толькі канец вяроўкі сусліць. Пташнікаў.
сусляня́ і суслянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня сусліка.
суспе́нзія, ‑і, ж.
Вадкасць, у якой дробныя часцінкі цвёрдага рэчыва знаходзяцца ў завіслым стане; завісь. Пратруціць клубні бульбы суспензіяй граназану.
[Ад лац. suspensio — падвешванне.]
суспензо́рый, ‑я, м.
Спец. Павязка ў выглядзе мяшочка для падтрымкі машонкі.
[Ад лац. suspensus — падвешаны.]