Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сурма́ 1, ‑ы, ж.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал, ужываецца ў тэхніцы і медыцыне. Сплавы сурмы.

2. Уст. Чорная фарба для валасоў, броваў і пад.

сурма́ 2, ‑ы; мн. сурмы, ‑аў; ж.

Старажытны ўкраінскі народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы, які выкарыстоўваўся пераважна як сігнальны. Дзесьці ў шале коні Скачуць перад боем, І ў стэп[е] рыдаюць Сурмы за сялом. Трус.

сурма́ч, ‑а, м.

Сігналіст, які падае сігнал сурмою ​2, грае на сурме; трубач. Здаецца, чую, як падвечар у рог турыны дзьме сурмач. А. Вольскі.

сурмі́цца, сурмлюся, сурмішся, сурміцца; незак.

Уст.

1. Фарбаваць сабе сурмой валасы, бровы і пад.

2. Зал. да сурміць.

сурмі́ць, сурмлю, сурміш, сурміць; незак., каго-што.

Уст. Фарбаваць сурмой.

сурмяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім складзе сурму ​1 (у 1 знач.); злучаны з сурмой. Сурмяністае срэбра.

сурмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурмы ​1 (у 1 знач.), утрымлівае ў сабе сурму. Сурмяныя руды. Сурмяны блішчак.

суро́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць суровага. Суровасць клімату. Суровасць характару. Суровасць тону. □ Вы здзівіцеся хараству гэтых мясцін: і пейзажам вясны і зімы, і велічнай суровасці гор, і вадападу. Скрыган.

2. Суровыя адносіны да каго‑, чаго‑н., суровае абыходжанне з кім‑н. [Адвернік:] Дазвольце мне ўступіцца, каб суровасць маці Змяніць на ласку, панна Маргарыта. Клімковіч. // Суровы выраз (у голасе, на твары і пад.). Суровасць на твары, з якой .. [Паходня] вымавіў гэта, нечакана змянілася лёгкай, прыветлівай усмешкай. Хадкевіч.

суро́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца суровым, больш суровым. — Ды ўжо ж, — праз хвіліну суровее дзядзька. — Хіба ў аднаго ў цябе не вярнуўся?.. Сачанка.

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

суро́дзіч, ‑а, м.

1. Сваяк, радня. Багатыя суродзічы героя казкі. // Пра жывёл, раслін аднаго віду. Індыйская свіння не пародзістая і мала чым адрозніваецца ад сваіх дзікіх суродзічаў. «ЛіМ». // Член аднаго з кім‑н. роду ў радавым грамадстве.

2. Той, хто належыць да адной з кім‑н. народнасці, нацыянальнасці або з’яўляецца ўраджэнцам адной з кім‑н. мясцовасці.