Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самазаспакае́нне, ‑я, н.

Уяўнае заспакаенне сябе думкай аб тым, што справы ідуць добра. У рабоце нашай экспедыцыі намеціўся нейкі застой, настала паласа інертнасці і самазаспакаення, што вельмі небяспечна ў навуцы. Нядзведскі.

самазаспако́енасць, ‑і, ж.

Бесклапотныя адносіны да справы, заснаваныя толькі на адной упэўненасці, што яна ідзе добра.

самазаспако́ены, ‑ая, ‑ае.

Які не клапоціцца аб справе, лічачы, што яна ідзе добра.

самазаспако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

Аддацца самазаспакаенню.

самазаспако́йванне, ‑я, н.

Тое, што і самазаспакаенне.

самазаспако́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да самазаспакоіцца.

самазато́чвальны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае здольнасць заточвацца ў працэсе работы.

самазато́чванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. самазаточвацца.

самазато́чвацца, ‑аецца; незак.

Спец. Заточвацца ў працэсе работы (пра рэзальны інструмент, дэталі пэўных прыстасаванняў).

самазахава́нне, ‑я, н.

Імкненне захаваць сваё жыццё, засцерагчы сябе ад небяспекі. Інстынкт самазахавання. □ Але засцярога і голас самазахавання бяруць верх, і.. [Лабановіч] кажа: — Ведаеце, Аксён, мы аб гэтым пагаворым як-небудзь другім разам, пагаворым так, каб ніхто не ведаў. Колас.