шліц, ‑а, м.
Спец.
1. Проразь для адвёрткі ў галоўцы шрубы.
2. Разрэз на спінцы ці на баках пінжака, паліто і пад. Не тоячыся, разглядалі адзін аднаго. І, канешне, Віктара — спакойнага, у чорным, з двума.. шліцамі пінжаку. Карпаў.
[Ням. Schlitz.]
шлі́цавы, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае шліц, з’яўляецца шліцам (у 1 знач.). Шліцавая ўтулка. Шліцавая нарэзка.
2. Прызначаны для вырабу, апрацоўкі шліца (у 1 знач.).
шлу́нак, ‑нка, м.
Абл. Страўнік. Не да цвярозых думак, Калі сасмаглы шлунак Нібыта навылёт агнём пячэ. Вітка.
шлы́нда, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. неадабр. Той (тая), хто бадзяецца, не мае пастаяннага месца жыхарства і працы.
шлы́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Тое, што і шлындаць. Ледзь не з самага ранку брыгадзір шлындаўся ў канцы вуліцы, усё паглядваў на дарогу. Кулакоўскі. Можа Марынчуку трэба цяпер наша дапамога, а мы тут шлындаемся без толку па лесе. С. Александровіч.
шлы́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Бадзяцца, швэндацца ўзад і ўперад, з месца на месца без мэты, без пэўнага занятку. Хочацца бесперастанку хадзіць, шлындаць, цягацца без аніякае мэты, напрамку — так, куды вочы глядзяць. Зарэцкі.
шлэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і шлёпаць (у 3, 4 і 5 знач.). [Андрэй] стаў, і .. [Балюта] забегла яму наперад — шлэпала босымі нагамі па падлозе: — Не стой... Ідзі ў другую хату. Пташнікаў. Ад нашага гумна шлэпае да мяне.. паставы ў накінутым на шынель кажусе, з карабінам і ў вялікіх саламяных чаравіках. Карпюк.
шлюб, ‑у, м.
1. Сямейны саюз мужчыны і жанчыны; сумеснае, узаконенае жыццё мужчыны і жанчыны. Зарэгістраваць шлюб. Скасаваць шлюб. □ Жанчына, якая не мае моцнай апоры ў шлюбе, болей зацікаўлена ў працы на вытворчасці, лічыць яе неабходнай. «Маладосць». З прыходам фашыстаў на беларускую зямлю зноў выплылі на паверхню старыя прыватнаўласніцкія адносіны — улада кулака, шлюб без кахання, па прымусу таго, хто валодае багаццем. Бярозкін.
2. Абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці. Колас. На суботу дамовіліся ехаць у загс, альбо, як у такіх выпадках гаварылі ў Рубяжы, да шлюбу. Дубоўка.
•••
Грамадзянскі шлюб — а) шлюб, які заключаецца ў органах дзяржаўнай улады без удзелу царквы; б) (разм. уст.) свабоднае сужыццё мужчыны і жанчыны.
Групавы шлюб — старадаўняя форма шлюбу, пры якой кожны мужчына адной групы мог знаходзіцца ў сужыцці з кожнай жанчынай другой групы.
Законны шлюб — шлюб, заключаны згодна з існуючым законам аб шлюбе.
Марганатычны шлюб — шлюб паміж членамі царскага дому і жанчынай не царскага роду, які не дае права наследаваць прастол.
Фіктыўны шлюб — несапраўдны шлюб, які бяруць з карыслівай мэтай, каб абысці пэўныя законы.
Браць (узяць) шлюб гл. браць.
шлюбаразво́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разводу, да скасавання шлюбу. Шлюбаразводны працэс. Шлюбаразводная справа.
шлю́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шлюбу. Шлюбны саюз. Шлюбны абрад. // Прызначаны для шлюбу. Манька каторы раз прымярала ўжо сваё шлюбнае ўбранне. Крапіва.
2. Які мае адносіны да перыяду спарвання ў жывёл. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, сківіцы пагрозліва выгнуліся. Караткевіч. Паветра звініць птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы. Колас.