шлюб, ‑у, м.
1. Сямейны саюз мужчыны і жанчыны; сумеснае, узаконенае жыццё мужчыны і жанчыны. Зарэгістраваць шлюб. Скасаваць шлюб. □ Жанчына, якая не мае моцнай апоры ў шлюбе, болей зацікаўлена ў працы на вытворчасці, лічыць яе неабходнай. «Маладосць». З прыходам фашыстаў на беларускую зямлю зноў выплылі на паверхню старыя прыватнаўласніцкія адносіны — улада кулака, шлюб без кахання, па прымусу таго, хто валодае багаццем. Бярозкін.
2. Абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці. Колас. На суботу дамовіліся ехаць у загс, альбо, як у такіх выпадках гаварылі ў Рубяжы, да шлюбу. Дубоўка.
•••
Грамадзянскі шлюб — а) шлюб, які заключаецца ў органах дзяржаўнай улады без удзелу царквы; б) (разм. уст.) свабоднае сужыццё мужчыны і жанчыны.
Групавы шлюб — старадаўняя форма шлюбу, пры якой кожны мужчына адной групы мог знаходзіцца ў сужыцці з кожнай жанчынай другой групы.
Законны шлюб — шлюб, заключаны згодна з існуючым законам аб шлюбе.
Марганатычны шлюб — шлюб паміж членамі царскага дому і жанчынай не царскага роду, які не дае права наследаваць прастол.
Фіктыўны шлюб — несапраўдны шлюб, які бяруць з карыслівай мэтай, каб абысці пэўныя законы.
Браць (узяць) шлюб гл. браць.
шлюбаразво́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разводу, да скасавання шлюбу. Шлюбаразводны працэс. Шлюбаразводная справа.
шлю́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шлюбу. Шлюбны саюз. Шлюбны абрад. // Прызначаны для шлюбу. Манька каторы раз прымярала ўжо сваё шлюбнае ўбранне. Крапіва.
2. Які мае адносіны да перыяду спарвання ў жывёл. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, сківіцы пагрозліва выгнуліся. Караткевіч. Паветра звініць птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы. Колас.
шлюз, ‑а, м.
1. Гідратэхнічнае збудаванне, прызначанае для пераводу суднаў з адной воднай прасторы ў другую, з іншым узроўнем вады. На сваім шляху ад Павянца да Сарок наш параход пройдзе 19 шлюзаў. Галавач.
2. Адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада. Мне добра чуваць шум вады, што пад узнятым шлюзам кідаецца цераз загародку і сваёй мелодыяй напамінае пра млын. Мыслівец. Каля шлюза сабралася трохі ціны, і Сагайдак выцягнуў яе граблямі на бераг. Парахневіч.
3. Спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба ці латка для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.
[Ням. Schleuse.]
шлюзава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шлюзаваць.
шлюзава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шлюзаваць.
шлюзава́цца, ‑зуецца; незак.
1. Праходзіць, праплываць праз шлюз, шлюзы (у 1 знач.).
2. Зал. да шлюзаваць.
шлюзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
1. Устанавіць (устанаўліваць) шлюзы (у 1 знач.). Шлюзаваць раку.
2. Прапусціць (прапускаць) праз шлюз, шлюзы (пра судны). Шлюзаваць танкер.
шлю́завы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шлюза (у 1 знач.). Шлюзавыя вароты.
шлюзавы́, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да шлюза; аснашчаны шлюзамі. Шлюзавая камера. // Які звязаны з эксплуатацыяй шлюза, абслугоўваннем шлюза. Шлюзавая брыгада. Шлюзавы рабочы.
•••
Шлюзавая лесвіца — група шлюзаў, размешчаных на адным схіле.