Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шлёгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, па чым і чым.

Абл. Гучна біць, сцёбаць чым‑н. тонкім, гнуткім. Лёнька сядзеў у курані і галінкаю клёна шлёгаў сябе па шыі — адганяў камароў. Капыловіч. Я падхопліваўся на калені, ледзь даставаў грудзьмі застаўку перадка і, тузаючы лейцамі, шлёгаў пугай калматага коніка. Ракітны.

шлёгнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шлёгаць.

шлёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Авечка шлёнскай пароды.

2. Футра гэтай авечкі.

шлёп, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шлёпаць — шлёпнуць і шлёпацца — шлёпнуцца. Бывала, калі на шляху яму [Несцеру] пападалася лужына, ён яе не абыходзіў, а шлёп, шлёп — і ўсё! Карпюк.

шлёпанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шлёпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гэтае бязладнае, то глухое, то звонкае, шлёпанне дажджынак з даху я пачуў, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй. Каршукоў.

шлёпанцы, ‑аў; адз. шлёпанец, ‑нца, м.

Разм.

1. Хатнія туфлі, звычайна без заднікаў. Маці зашаркала шлёпанцамі па падлозе і падышла да стала. Сачанка. [Ніна] ўсадзіла ногі ў шлёпанцы і вярнулася к тэлефону — пазваніць Васілю Кузьмічу. Лобан.

2. Гучныя, звонкія ўдары далонню па целе. І шлёпанцы сыпаліся па азадачку хлопчыка. Гаспадыня хаты раздае сваім дзіцянятам — гэтым неахайным, мурзатым і шматлікім стварэнням — па кавалачку хлеба, часам супакойваючы таго, другога добрым шлёпанцам. Лынькоў.

шлёпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Гучна, з пляскам, шумам стукацца, біцца аб што‑н. Вялікі саган з капустай быў абхоплены полымем. Вар у ім.. шлёпаўся. Бядуля.

2. Шумна, з глухім гукам падаць; плюхацца. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі кры[ла]мі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду. Колас. Часта і густа шлёпаліся міны і снарады. Марціновіч.

шлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, па чым і чым. Гучна, з шумам пляскаць, удараць плазам чым‑н. мяккім, гнуткім па чым‑н. мяккім, вадкім, вільготным. На супрацьлеглым баку азярка каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Карпюк. Даніла марудна і нязграбна шлёпае вёсламі па вадзе, а бераг паволі адсоўваецца разам з людзьмі. Карамазаў. // каго. Біць, пляскаць каго‑н. рукой, далонню (звычайна злёгку, нямоцна). Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. // што. Разм. Кідаць, шпурляць што‑н. мяккае, вільготнае ці што‑н. плазам. Звыклым запаволеным рухам, нават не пазіраючы, куды выпроствае руку, бярэ [Зіна] цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі, што стаіць на ўслоне між ёй і Марутай, шлёпае іх на днушка і скоранька рэжа. Кудравец.

2. Разм. Тое, што і шлёпацца. Звіняць над панадворкам жукі, шлёпаюць аб сцяну, покаюць на дол, — Выжлятніку пад ногі. Пташнікаў.

3. Разм. Утвараць невыразны, глухі, прыглушаны гук пры ўдары, падзенні, хадзе, сутыкненні і пад. Абгрызаючы і абсмоктваючы косці, .. [Суконка] так цмокаў і шлёпаў тоўстылі, шырокімі губамі, што не вытрымліваў нават Чорны Фомка. Паслядовіч. Толькі чуваць было, як шлёпалі па падлозе матчыны босыя ногі. Сачанка. // Утвараць шум, глухія гукі, ідучы, едучы і пад. па вадзе, балоце, гразі і пад. Ногі шлёпаюць па мокрым тратуары, больш як трэба згінаючыся ў каленях. Скрыган. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоце і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Кулакоўскі.

4. Разм. Спадаць, звальвацца (пра вялікі або разношаны абутак). Туфлі шлёпаюць.

5. Разм. Ісці, хадзіць, крочыць. Канём прасілі па чарзе. Адзін сядзеў у санях, двое шлёпалі пехатою. Кухараў.

шлёпнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да шлёпацца.

шлёпнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да шлёпаць (у 1, 3 знач.).

2. перан.; каго. Разм. груб. Забіць. [Крылоў:] — Я маю права шлёпнуць цябе, контра... Але не хочацца ў такі радасны час пэцкаць рукі... Шамякін.