шлегану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Сцебануць. Язэп ускочыў на воз, дзе ўжо сядзела з дзецьмі жонка, шлегануў па кані. Місько.
шле́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шлейкі (у 1 знач.).
шле́йка, ‑і, ДМ шлейцы; Р мн. шлеек; ж.
1. Стужка ці палоска тканіны, перакінутая цераз плячо, якая падтрымлівае спадніцу, сарочку, ліфчык і пад.
2. толькі мн. (шле́йкі, шлеек). Падцяжкі. Штаны на шлейках.
шлейф, ‑а, м.
1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду. Яна [Міхаліна], напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: — Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. Караткевіч. Я ведаў, што Таня любіць апранаць на сябе што-небудзь незвычайнае, каб валаклося ўслед, як шлейф, па падлозе. Сачанка. // перан. След, паласа ў паветры, на вадзе і пад. ад руху чаго‑н. Дарога злёгку пыліла, за машынай слаўся рэдзенькі белаваты шлейф, які адносіла на зялёныя палеткі. Асіпенка. З-за павароту вынырнуў цеплаход на падводных крылах. Ён, шустра завярнуўшы, адкінуў на бераг пеністы шлейф. Гаўрылкін.
2. Тое, што і валакуша (у 2 знач.). Выраўноўванне глебы шлейфам.
3. У геалогіі — паласа адкладанняў, якая ахінае ніжнюю частку якога‑н. узгорка, узвышша.
[Ням. Schleife.]
шлем, ‑а, м.
1. Старажытны металічны галаўны ўбор воінаў, які ахоўваў галаву ад пашкоджанняў і ўдараў халоднай зброяй. Мячы, сякеры, дубіны воінаў народнай арміі білі па металічных латах і шлемах рыцараў. «Маладосць». Усе [польскія паны] — у капелюшах, у большасці — капелюшы з пушыстымі пер’ямі, як шышакі над шлемамі ў колішніх рыцараў. Пестрак.
2. Галаўны ўбор спецыяльнага пакрою ў воінаў і спартсменаў, які закрывае галаву і шыю. Я глянуў у бок дзвярэй: з двара ў палату віхрам уляцеў высокі шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. На сваіх санях Елім сядзеў у шынялі і ў вайсковым шлеме з пікаю наверсе. Кулакоўскі.
3. Спецыяльны галаўны ўбор, які ахоўвае галаву ад раненняў, удараў, ціску і пад. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, .. грэліся на красавіцкім негарачым сонцы. Мележ. [Англічанін] быў маленькі, галавасты, у коркавым шлеме і кароткіх скураных штоніках. Б. Стральцоў. // Спецыяльнае прыстасаванне, якое аддзяляе чалавека ад навакольнага асяроддзя, забяспечвае наступленне неабходнага для дыхання паветра. Блажэвіч расшпіліў скафандр, адкінуў шлем. Шыцік.
шлемападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму шлема (у 1 знач.).
шлемафо́н, ‑а, м.
Шлем лётчыкаў і танкістаў з уманціраваным у яго перагаворным апаратам, а таксама перагаворны апарат. І вось з-за дыму, са шлемафонам у руках, з’яўляецца чалавек. Шашкоў. У шлемафоне пачуўся бадзёры голас капітана: — Трымайся, мой хлопчык! Шамякін.
шлемафо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шлемафона; які ажыццяўляецца пры дапамозе шлемафонаў. Шлемафонны шнур. Шлемафонная сувязь.
шле́мнік, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая або паўкустовая расліна сямейства губакветных, выкарыстоўваецца ў медыцыне.