шлюб, ‑у, м.
1. Сямейны саюз мужчыны і жанчыны; сумеснае, узаконенае жыццё мужчыны і жанчыны. Зарэгістраваць шлюб. Скасаваць шлюб. ▪ Жанчына, якая не мае моцнай апоры ў шлюбе, болей зацікаўлена ў працы на вытворчасці, лічыць яе неабходнай. «Маладосць». З прыходам фашыстаў на беларускую зямлю зноў выплылі на паверхню старыя прыватнаўласніцкія адносіны — улада кулака, шлюб без кахання, па прымусу таго, хто валодае багаццем. Бярозкін.
2. Абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці. Колас. На суботу дамовіліся ехаць у загс, альбо, як у такіх выпадках гаварылі ў Рубяжы, да шлюбу. Дубоўка.
•••
Грамадзянскі шлюб — а) шлюб, які заключаецца ў органах дзяржаўнай улады без удзелу царквы; б) (разм. уст.) свабоднае сужыццё мужчыны і жанчыны.
Групавы шлюб — старадаўняя форма шлюбу, пры якой кожны мужчына адной групы мог знаходзіцца ў сужыцці з кожнай жанчынай другой групы.
Законны шлюб — шлюб, заключаны згодна з існуючым законам аб шлюбе.
Марганатычны шлюб — шлюб паміж членамі царскага дому і жанчынай не царскага роду, які не дае права наследаваць прастол.
Фіктыўны шлюб — несапраўдны шлюб, які бяруць з карыслівай мэтай, каб абысці пэўныя законы.
Браць (узяць) шлюб гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)