Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шклі́цца, ‑ліцца; незак.

Зал. да шкліць.

шкліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Прымацоўваць, устаўляць шкло ў што‑н. Шкліць вокны. / у перан. ужыв. У лагчыне стаялі лужыны каламутнае вады. Ночы шклілі іх тонкім лядком. Грахоўскі.

шкло, ‑а, н.

1. Цвёрды празрысты матэрыял, які атрымліваецца шляхам плаўлення і спецыяльнай хімічнап апрацоўкі кварцавага пяску з дабаўленнем некаторых іншых рэчываў. Бутэлечнае шкло. Каляровае шкло.

2. Тонкі ліст ці выраб, прадмет іншай формы з гэтага матэрыялу. Аконнае шкло. Лямпавае шкло. □ Адна фортка ў акне знята з крукоў і стаіць з пабітым шклом пры сцяне. Чорны. Віцінг сядзеў на заднім сядзенні, пазіраючы, як на ветравым шкле, перад тварам шафёра, гойдаецца, падскоквае на гумавай нітачцы Санта-Клаус — пацешны, чырванатвары гномік. Асіпенка. // зб. Посуд, мастацкія вырабы, упрыгожанні з гэтага матэрыялу. Гісторыю, Славу І сэрца народа Я ўбачыў і вызнаў На выстаўцы шкла! Гілевіч. // зб. Асобныя кавалкі такіх вырабаў; асколкі чаго‑н. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў.

3. перан.; чаго або якое. Пра тое, што сваёй празрыстасцю, лёгкасцю, крохкасцю і пад. нагадвае такі матэрыял. Глядзяцца — адбітыя ў завадзяў шкле — З нябёс у люстраную плошчу, Красу сваю бачаць, блакіт свой. Але Я воблакам тым не зайздрошчу. Куляшоў. Вятры і сонца струны павялі, На шкле азёр намецілі надрэзы, А заадно да горнаў кавалі Прыйшлі, каб іскры выкрасаць з жалеза. Калачынскі.

•••

Аптычнае шкло — выпуклае або ўвагнутае шкло ў аптычных прыладах; лінза.

Арганічнае шкло — сінтэтычны моцны празрысты матэрыял, падобны на звычайнае шкло; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы і быце.

Бемскае (багемскае) шкло — аконнае шкло, якое адрозніваецца ад звычайнага вялікімі памерамі лістоў, чысцінёй і таўшчынёй.

Вадамернае шкло — шкляная трубка, злучаная з закрытай пасудзінай для непасрэднага назірання за ўзроўнем вады ў ім.

Венецыянскае шкло — мастацкая, галоўным чынам дутая пасуда, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстры і пад. вырабы, вытворчасць якіх пачалася з канца 13 ст. у Венецыі.

Люстранае шкло — тоўстае, паліраванае з двух бакоў шкло, якое скарыстоўваецца для вырабу люстраў, абсталявання вітрын і пад.

Павелічальнае шкло — лінза, якая дае павялічанае адлюстраванне прадмета.

Прадметнае шкло — шкляная пласцінка, на якой размяшчаюцца зрэзы тканак, мазкі крыві і пад. для вывучэння пад лупай або пад мікраскопам.

шкло... (а таксама шкла...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: шкло, шкляны, напрыклад: шкловытворчасць, шклозавод, шклоліцейны, шкловыдзімальшчык.

шкловалакні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з шкловалакна, зроблены з яго. Шкловалакністая аснова. Шкловалакністыя матэрыялы.

шкловалакно́, ‑а, н.

Валакно, якое атрымліваецца з расплаўленага шкла (у 1 знач.). Хоць са шкла, але не б’ецца, хоць палатно, але не гарыць. Яно [палатно] вырабляецца на Полацкім заводзе шкловалакна. Хадкевіч.

шкловарэ́нне, ‑я, н.

Спец. Прыгатаванне шкляное масы шляхам плаўлення кварцавага пяску з дабаўленнем некаторых іншых рэчываў.

шкловыдзіма́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выдзімання шкляных вырабаў. Шкловыдзімальны цэх. // Які прызначаецца, выкарыстоўваецца для выдзімання шкляных вырабаў. Шкло выд зімальныя прыстасаванні.

шкловыдзіма́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які шляхам выдзімання вырабляе розныя шкляныя рэчы.

шкловытво́рчасць, ‑і, ж.

Вытворчасць, выпуск шкла.