Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спявак, артыст хору. Ларыса Змітраўна стаіць спінай да слухачоў.. і ціхенька, каб чулі толькі харысты, вядзе ноту. Нядзведскі.

хары́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да харыст.

ха́рыус, ‑а, м.

Прэснаводная рыба сямейства харыусавых.

ха́рыусавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харыуса. Харыусавая ікра. // у знач. наз. ха́рыусавыя, ‑ых. Сямейства рыб падатрада ласосевых.

харыя́мб, ‑а, м.

Вершаваны памер — чатырохскладовая стапа, утвораная спалучэннем ямба і харэя.

харэаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харэаграфіі, звязаны з харэаграфіяй. Харэаграфічнае мастацтва. □ Апрача харавога і драматычнага гуртка, існаваў і харэаграфічны, які выступаў на канцэртах з мастацкай гімнастыкай. Мядзёлка.

харэагра́фія, ‑і, ж.

Мастацтва танца. Беларуская нацыянальная харэаграфія. // Мастацтва пастаноўкі танцаў і балетных спектакляў.

[Ад грэч. choréia — танец і graphō — пішу.]

харэі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харэя, з’яўляецца харэем. Харэічная стапа.

харэ́й 1, ‑я, м.

Вершаваны памер — двухскладовая стапа з націскам на першым складзе, напрыклад: Во́брӑз / мі́лы̆, / по́ўны̆ / ча́рӑў.

[Грэч. choréois.]

харэ́й 2, ‑я, м.

Доўгі шост для кіравання запрэжкамі аленяў або сабак.

[З ненецкага.]

харэо́граф, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне харэаграфіі.