уні́клівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць уніклівага. А дзяўчаты, калі ён [малады чалавек] праходзіў, глядзелі наўздагон ва ўсе вочы, забыўшыся на сарамяжлівасць і стрыманасць, забыўшыся нават на спрадвечную жаночую ўніклівасць, якая бліжэй за ўсё да какецтва. Караткевіч.
уні́клівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які пазбягае прама і адкрыта выказваць свае думкі. // Непрамы, пазбаўлены шчырасці. Уніклівы адказ.
2. Які глыбока ўнікае ў сутнасць справы; дапытлівы. Не было больш цярплівага, памяркоўнага «экскурсавода», быў начальнік будоўлі: патрабавальны, уніклівы чалавек, якому да ўсяго ёсць справа. Дадзіёмаў. [Рыбак] гутарыць з дзецьмі, якія абступілі яго лодку, і ахвотна, цярпліва адказвае на іх бясконцыя, уніклівыя запытанні. В. Вольскі. // Праніклівы. Уніклівая думка чалавека.
унікне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. унікаць (у 1 знач.) — унікнуць.
уні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.
Зак. да унікаць.
у́нікум, ‑а, м.
Рэдкі, адзіны ў сваім родзе экземпляр (прадмет або чалавек). Завод-унікум. □ Мяфодзій Кірылавіч Задзерынос, пра якога мы, яго былыя падначаленыя, хочам расказаць, можна сказаць, адзіны экземпляр прыроды, унікум. Прокша. Старому Бародку даўно была пара выходзіць на пенсію, але, відаць, яго трымалі на службе як своеасаблівы астрожны унікум. Машара.
[Лац. unicum — адзіны ў сваім родзе.]
уні́мак, ‑мку, м.
Разм. У выразах: без унімку — бесперастанку. Архіп Архіпавіч нешта ўсё гаварыў. Гаварыў без унімку. Сіняўскі; няма (не мець) унімку — нельга спыніць, стрымаць. З тыдзень унімку не было, жыць не давала [гаспадыня], поедам мяне ела. Сачанка. На ўсходзе неба запалавела, а грымучае пекла не мела унімку. Чорны.
унісо́н, ‑у, м.
Адначасовае гучанне двух або некалькіх гукаў аднолькавай вышыні і аднолькавых гукаў у розных актавах.
•••
Ва ўнісон — а) сугучна (спяваць, гучаць і пад.); б) зладжана (рабіць што‑н., дзейнічаць і пад.).
[Іт. unison.]
унісо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адначасова гучыць; пабудаваны на адначасовым гучанні аднолькавых гукаў. Унісоннае спяванне.
уніта́з, ‑а, м.
Ракавіна для сцёку нечыстот у прыбіральнях, абсталяваных каналізацыяй.
[Ад назвы фірмы Unitas.]
уніта́рны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. і спец. Аб’яднаны, адзіны, які ўтварае адно цэлае. Унітарная дзяржава. // Накіраваны на аб’яднанне; аб’яднальны. Унітарныя пераўтварэнні.
[Фр. unitaire.]