укарчане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Тое, што і скарчанець. Бялізна ўкарчанела на марозе.
укасі́ць, укашу, укосіш, укосіць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы касіць. Трава такая густая, што і не ўкосіш.
2. што і чаго. Накасіць, скасіць нейкую колькасць травы, сена. Укасіць травы каню нанач. □ Паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы,.. а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена. Навуменка.
ука́тчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца ўтрамбоўваннем дарог і пад.
укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.
2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.
укаці́ць, укачу, укоціш, укоціць; зак.
1. што. Закаціць што‑н. круглае або на колах унутр чаго‑н. Укаціць калёсы ў гумно. □ [Касперскі:] А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп... Тут нельга пакідаць. Гурскі.
2. перан.; што каму. Разм. Зрабіць, учыніць (звычайна што‑н. непрыемнае). Укаціць вымову прагульшчыку. Укаціць вучню двойку. □ [Валянціна Міхайлаўна:] — А летась тут, у нас, памятаеце, колькі мы вам [Андрэй Іванавіч] уколаў укацілі. Васілевіч.
3. Разм. Уехаць куды‑н. Добра ціскануў па педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Быкаў.
укача́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад укачаць.
укача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Выкачацца, запэцкацца ў што‑н. Уладзік замахаў рукамі, абсмактаная скарынка выпала з рукі і ўкачалася ў сянную пацяруху. Кулакоўскі.
укача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. у што. Выкачаць, запэцкаць у што‑н. Хлопцы і дзяўчаты выходзілі .. на раку Случ, каб пакоўзацца на лёдзе, укачаць адзін аднаго ў снег, пажартаваць. Чарнышэвіч. // Качаючы, пакрыць чым‑н. сыпкім, абкачаць у чым‑н. Антось пацёр стрэптацыду, укачаў у яго бульбяныя галушкі і накарміў імі жорава. Ляўданскі.
2. Качаючыся, прымяць што‑н. Укачалі коні траву на прыгуменні.
ука́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. укачваць — укачаць і укачвацца — укачацца.
ука́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да укачацца.
2. Зал. да укачваць.