Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

тэйлары́зм, ‑у, м.

Капіталістычная сістэма арганізацыі працы на прадпрыемствах, пры якой максімальна эксплуатуецца рабочая сіла для забеспячэння найбольшых прыбыткаў капіталісту.

[Ад уласн. імя.]

тэкі́нец ​1,

гл. тэкінцы.

тэкі́нец ​2, ‑нца, м.

Назва стэпавага каня для верхавой язды. Мой прыяцель, сівавалосы чалавек з сухаватым тулавам старажыла, лёгка скочыў на свайго тэкінца, і конь, трохі прытанцоўваючы, пайшоў сабе па дарозе. Мікуліч.

тэкі́нка,

гл. тэкінцы.

тэкі́нскі ​1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэкінцаў, які належыць, уласцівы ім.

тэкі́нскі ​2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны дэ тэкінца ​2. Тэкінскі конь.

тэкі́нцы, ‑аў; адз. тэкі́нец, ‑нца, м.; тэкі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. тэкі́нкі, ‑нак; ж.

Адно з буйных туркменскіх плямён, якое цяпер складае частку туркменскага народа.

тэкс, ‑а, м.

Пазасістэмная адзінка лінейнай шчыльнасці (г/км), якая прымяняецца для характарыстыкі валокнаў і ніцей (у СССР выкарыстоўваецца з 1956 г.).

[Ад лац. texo — тку, пляту.]

тэкст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, што напісана або надрукавана, напісаныя або сказаныя кім‑н. словы, якія можна ўзлавіць, паўтарыць у тым жа выглядзе. Запісаць тэкст казкі. □ З многіх паправак, зробленых рукой. К. Чорнага на тэксце другога варыянта «Ірынкі», відаць, як шмат працаваў аўтар над гэтай драмай. Кудраўцаў. Выдаючы біблейскія тэксты, доктар лекарскіх і свабодных навук клапаціўся аб пашырэнні і ўдасканаленні асветы. С. Александровіч. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта ліст і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Карпаў. // Урывак з якога‑н. твора славеснасці, прызначаны звычайна для навучальнай мэты. Чытанне лацінскіх тэкстаў. Пераклад англійскага тэксту.

2. Пісьмовы дакумент, акт і пад. у адрозненне ад заўваг, каментарыяў да яго. // Асноўная частка набору без падрадковых заўваг, спасылак і пад. Набраць тэкст корпусам, а зноскі петытам. Зноска пад тэкстам.

3. Словы, на якія напісана музыка. Раманс Чайкоўскага, тэкст Фета. Тэкст песні.

4. Спец. Шрыфт буйнога памеру (каля 8 мм).

[Ад лац. textum — сувязь, злучэнне.]

тэкставіні́т, ‑у, М ‑ніце, м.

Від штучнай скуры.

[Ад лац. textus — тканіна і vimum — віно.]

тэкставіні́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэкставініту; зроблены з тэкставініту. Тэкставінітавы абутак.

тэ́кставы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэксту (у 1, 2 знач.). Тэкставыя варыянты. // Які змяшчае тэкст. Тэкставая фотатэлеграма.

2. Спец. Які з’яўляецца тэкстам (у 4 знач.). Тэкставы шрыфт. // Выкананы тэкстам. Тэкставы набор.