Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.

2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.

3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.

ружаві́зна, ‑ы, ж.

Ружовы колер, ружовае адценне чаго‑н. Ружавізна твару.

ру́жавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ружы. Ружавы ліст. // Прыгатаваны з руж. Ружавае варэнне. // Атрыманы з ружы. Ружавы алей.

2. у знач. наз. ру́жавыя, ‑ых. Тое, што і ружакветныя.

ружакве́тныя, ‑ых.

Сямейства дрэў, кустоў і травяністых раслін, да якіх адносіцца ружа, маліна, яблыня, груша, сліва і інш.

ружа́нец, ‑нца, м.

У некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічвання прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Карпюк.

•••

Ні да танца, ні да ружанца гл. танец.

ружжо́, ‑а, н.

Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ненаразным (у адрозненне ад вінтоўкі) ствалом. На ахову палатна паставілі вартавога — Алеся Голуба, узброенага паляўнічым ружжом. Васілевіч.

•••

Пад ружжом — а) на ваенным становішчы, у стане баявой гатоўнасці (пра армію); б) у арміі (служыць).

Паставіць пад ружжо гл. паставіць.

У ружжо! — а) каманда стаць у строй са зброяй; б) каманда быць гатовым прыняць або пачаць бой.

ружо́васць, ‑і, ж.

Ружовы колер. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў.

ружоватва́ры, ‑ая, ‑ае.

З ружовым тварам.

ружовашчо́кі, ‑ая, ‑ае.

З ружовымі шчокамі. Паўлік выпрастаўся. Перад ім стаяў тоўсты ружовашчокі хлапчук у белай панаме. Бяганская.

ружо́віцца, ружоўлюся, ружовішся, ружовіцца; незак.

Тое, што і ружавець. Чорныя валасы вылазілі ў яе з-пад бялюткай хусткі, твар ружовіўся. Чорны. Ужо раніцамі неба ружовілася бляскам вясковага сонца. Сабаленка.