Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Адтуліна ў доменных печах, праз якую выпускаецца метал ці шлак.

лётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.

2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.

3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.

•••

Лётная дарожка гл. дарожка.

лётчык, ‑а, м.

Вадзіцель самалёта. Ваенны лётчык. Марскі лётчык. □ Лётчыкі-паляўнічыя парамі ўзнімаюцца з Міхалёў і ідуць туды, дзе іх ніколі не чакаў праціўнік. Алешка.

лётчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лётчык.

лётчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лётчыка, прызначаны для яго. Лётчыцкая кабіна. Лётчыцкі шлем.

лёх, ‑у, М ‑у, м. і лёха, ‑і, ДМ лёсе, ж.

1. Склеп, падзямелле. Палац пануры і высокі, не падступіцца к тым мурам, а пад палацам лёх глыбокі — на страх нявольнікам-рабам. Машара.

2. Падземны ход. Хлапчук .. шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся. Караткевіч.