Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крумкаччо́, ‑а, н., зб.

Крумкачы. Крумкаччо! Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах. Караткевіч.

крумкачы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крумкача, уласцівы яму. Крумкачыны крык.

крумцы́ркуль, ‑я, м.

Уст. Тое, што і кронцыркуль (у 2 знач.).

[Ням. Krummzirkel — крывы цыркуль.]

круп, ‑у, м.

Запаленне гартані і трахеі, якое суправаджаецца цяжкім дыханнем і задышкай. Сцяпан, паглядзеўшы хлопчыку ў рог, не сумняваўся, што гэта .. [дыфтэрыя]: усе тыповыя прыметы дыфтэрыйнага крупу. Шамякін.

[Англ. croup.]

крупа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «крупы», напрыклад: крупадзёрка, крупарушка.

крупаве́йка, ‑і, ДМ ‑вейцы; Р мн. ‑веек; ж.

Машына для ачысткі круп ад шалупіння.

крупадзёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына для вырабу круп, а таксама невялікае прадпрыемства, дзе вырабляюць крупы. Амаль у кожным мястэчку мы знойдзем такое камбінаванае прадпрыемства, як пільня, млын, ваўначоска, сукнавальня, крупадзёрка і г. д. Сташэўскі.

крупару́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Тое, што і крупадзёрка. Ладуцька сабраў праўленне, параіўся, прыкінуў, што можа даць калгасу невялікі млын, крупарушка. Краўчанка.

круп’е́, нескл., м.

Саўладальнік або служачы ігральнага дома, распарадчык гульні і банкоўшчык.

[Фр. croupier.]

крупе́ня, ‑і, ж.

Тое, што і крупнік. Маці паставіла на стол міску з крупеняй. Корбан. Мяшаючы ў місцы лыжкай забеленую грэцкую крупеню, Антон і тут працягваў сваю размову: — Крупені сербануў бы во, піць не хацелася б. Ермаловіч.