кра́мнічыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Разм. Жонка крамніка.
кра́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да крамы. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа. Чорны.
2. Фабрычнага вырабу, куплены ў краме (пра матэрыю, вырабы з яе і пад.). Маці косы заплятала Новым, крамным касніком! Броўка. / у знач. наз. кра́мнае, ‑ага, н. Апрануты [дзед Юрка] ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтовыя боты. С. Александровіч.
крамо́ла, ‑ы, ж.
1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.
2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.
крамо́льнік, ‑а, м.
Уст. Той, хто займаецца крамолай (у 1 знач.); змоўшчык, мяцежнік. Спачатку турэмшчыкі палічылі чыноўніка за вельмі сур’ёзнага злачынца, небяспечнага крамольніка. Арабей.
крамо́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да крамольніка, уласцівы яму. Крамольніцкі дух.
крамо́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Уст. Займацца крамолай; бунтаваць.
крамо́льны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да крамолы, звязаны з ёй; мяцежны. Крамольная ідэя. Крамольныя справы. □ Усё ў.. газеце было неспадзявана крамольным: і бунтарскі дух, і антыцарскія настроі. С. Александровіч.
крамса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. крамсаць.
крамсану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да крамсаць.