Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кра́мніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да крамнік.

кра́мнічыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жонка крамніка.

кра́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крамы. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа. Чорны.

2. Фабрычнага вырабу, куплены ў краме (пра матэрыю, вырабы з яе і пад.). Маці косы заплятала Новым, крамным касніком! Броўка. / у знач. наз. кра́мнае, ‑ага, н. Апрануты [дзед Юрка] ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтовыя боты. С. Александровіч.

крамо́ла, ‑ы, ж.

1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.

2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.

крамо́льнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто займаецца крамолай (у 1 знач.); змоўшчык, мяцежнік. Спачатку турэмшчыкі палічылі чыноўніка за вельмі сур’ёзнага злачынца, небяспечнага крамольніка. Арабей.

крамо́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да крамольніка, уласцівы яму. Крамольніцкі дух.

крамо́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уст. Займацца крамолай; бунтаваць.

крамо́льны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да крамолы, звязаны з ёй; мяцежны. Крамольная ідэя. Крамольныя справы. □ Усё ў.. газеце было неспадзявана крамольным: і бунтарскі дух, і антыцарскія настроі. С. Александровіч.

крамса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крамсаць.

крамсану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да крамсаць.