Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гнус і гнюс, ‑у, м.

1. Разм. Двухкрылыя насякомыя (камары, мошкі, сляпні), якія смокчуць кроў чалавека і цеплакроўнай жывёлы. Ля будана касцёр дыміцца І гнус нудою гідкай звонячы, Не пакідае хмарай віцца. Хведаровіч. Прыдумаў чорт, няйначай, гнюса, І не адбіцца аніяк Ад піску злоснага, і ўкусаў, І ад яго ліхіх атак. Калачынскі.

2. перан. Пра што‑н. нікчэмнае, нізкае. А чым не гнус, напрыклад, хуліганства? Не мала шкодзіць нам распускае паганства. Корбан.

гнуса́віць, ‑саўлю, ‑савіш, ‑савіць; незак.

Разм. Гугнявіць. — Гмм... — гнусавіць сабе ў нос Шчыгельчык. Пестрак.

гнуса́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Гугнявы.

гну́снасць, ‑і, ж.

Разм.

1. Уласцівасць, якасць гнуснага. Гнуснасць паводзін.

2. Гнусны ўчынак. Зрабіць гнуснасць.

гну́сны і гню́сны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які выклікае агіду; брыдкі, гадкі. Гнусная лаянка. Гнусны ўчынак. // Подлы, здольны тварыць гадасці (пра чалавека). Легенда народа стварыла Іуду,.. Як гнусную постаць прадажнага бруду. Колас.

гну́ткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць гнуткага. Гнуткасць цела. Інтанацыйная гнуткасць верша. Гнуткасць кіраўніцтва.

гну́ткі, ‑ая, ‑ае.

Здольны лёгка гнуцца; гібкі. Гнуткае вецце. Гнуткая піла. □ Пад хатай тонкая рабіна Да клёна хіліць гнуткі стан. Ляпёшкін. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Часта схілялі нізка, над самай муравой, свае доўгія белыя гнуткія шыі і, выцягваючы іх на ўсю даўжыню, сіпелі ў бок на дзяцей. Галавач. // перан. Багаты адценнямі, зменлівы ў сваім руху (пра голас, мову і пад.). Гнуткі голас артыста лёгка зліўся з цудоўным вакальным малюнкам вобраза. «Беларусь». Антон Корж — чалавек гнуткага розуму і дыялектычнага мыслення. Лойка.

гну́ты, ‑ая, ‑ае.

Зроблены шляхам згінання, выгінання. Гнутая мэбля. Гнутыя палазы.

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

гнуццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. гнуць (у 1 знач.).