бом, выкл.
Разм. Слова, якое перадае гук звону або падобны на яго. — Бом, бом, — на нізкай ноце біў адзін звон. Арабей.
бо́ма 1, ‑ы, ж.
Вялікі кол з зачэсаным плоскім канцом (у лесарубаў, плытагонаў); ва́га, рычаг. На ярусах [бярвення] стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас.
бо́ма 2,
гл. бомы.
бо́мала, ‑ы, ж.
Абл. Званок ці прыстасаванне, падобнае на званок, якое начэпліваецца жывёліне на шыю, калі яна пасецца ў лесе. Недзе паблізу на збродлівым кані зазваніла бомала ды следам тоненька заржала жарабятка. Пальчэўскі.
бо́мба, ‑ы, ж.
Снарад (гарматны, авіяцыйны, ручны), начынены выбуховым рэчывам. Валя бачыла, як з-пад самалётаў пасыпаліся чорныя, падобныя на рыб, бомбы. Мележ.
бо́мбавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да бомбы. Бомбавы ўдар. □ Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.
бомбакіда́нне, ‑я, н.
Прыцэльнае скіданне бомб з самалёта.
бомбатрыма́льнік, ‑а, м.
Прыстасаванне для падвешвання бомб на самалётах.
бо́мканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бомкаць.
бо́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Адзывацца звонкім гулам (пра звон, гадзіннік і пад.). Звон, нібыта на хаўтуры, засмучона з вежы бомкаў... Дубоўка. // Звонка гусці. У палісадніку працавіта бомкаў чмель. Лынькоў.
бо́мкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да бомкаць. Насценны гадзіннік над Ірынай галавой бомкнуў на палову адзінаццатай. Сабаленка.