Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бор 1, ‑у, М у бары; мн. бары, ‑оў; м.

Стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы. Векавы бор. Цёмны бор. □ Верасы пад лісцем спалі, Бор зялёны гнуўся, Недзе пелі ў цёмнай далі Журавы ды гусі. Купала. Бягу думкай у край далёкі, У лес цёмны, у бор высокі. Цётка.

•••

Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання, сасновы бор.

бор 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, які ўваходзіць у састаў многіх мінералаў. Бор і яго спалучэнні прымяняюцца ў ядзернай тэхніцы, а таксама ў медыцыне і сельскай гаспадарцы.

[Ад лац. borax.]

бор 3, ‑а, м.

Стальны свердзел, які ўжываецца ў зубалячэбнай справе.

[Ад ням. Bohrer — свердзел.]

бо́ра, ‑ы, ж.

Халодны моцны, парывісты вецер, які дзьме з гор на марскім узбярэжжы.

[Ад грэч. boreas — паўночны вецер.]

бо́ргес, ‑а, м.

Друкарскі шрыфт, сярэдні паміж корпусам і петытам.

[Ням. borgis.]

бо́рзды, ‑ая, ‑ае.

Хуткі, жвавы. На парозе паказаўся Мікіта, пачырванеўшы ад холаду і борздай хады. Колас. Рыпнулі дзверы, і борздыя, таропкія крокі сталі набліжацца. Пестрак. // Рухавы, жывы. [Чалавек] зірнуў на нас борздымі чорнымі вочкамі, якія, здаецца, здольны пранізаць навылет. Сабаленка.

бормашы́на, ‑ы, ж.

Зубалячэбны апарат, якім прыводзіцца ў рух бор ​3.

бо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бору ​2. Борны вазелін. Борная кіслага.

борт 1, ‑а, М ‑рце; мн. барты, ‑оў; м.

1. Верхні край бакавой сценкі, а таксама бок марскога або рачнога судна, самалёта. Дзень, калі мы ступалі на борт парахода, быў для нас сапраўдным святам. Лынькоў. Блізка берагу.. Пятрусь надумаўся перайсці ад кармы да свайго месца — бакавога вясла. Пры гэтым пераходзе ён ступіў адной нагой на борт, і... усе апынуліся ў вадзе. Дубоўка. Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. // Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад. Каля вагі стаяў цёмна-зялёны грузавік з адкінутымі бартамі. Паслядовіч.

2. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.

•••

Апынуцца (аказацца) за бортам гл. апынуцца.

Выкінуць за борт гл. выкінуць.

[Фр. bord.]

борт 2, ‑у, м.

Адна з разнастайнасцей зярністых утварэнняў алмазу.

бортжурна́л, ‑а, м.

Журнал, які вядзецца ў час палёту на самалёце, касмічным караблі.

бортінжыне́р, ‑а, м.

Член экіпажа самалёта, касмічнага карабля, адказны за стан і работу матораў, абсталявання, апаратаў і прыбораў.

бортмеха́нік, ‑а, м.

Асоба, якая ўваходзіць у склад лётнага экіпажа і адказвае за стан і работу матораў, абсталявання, апаратаў і прыбораў (на самалёце, дырыжаблі).