Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бок, бо́ка і бо́ку, М на баку́; мн. бакі́, бако́ў; м.

1. (радзей) мн. бо́кі. Правая ці левая частка тулава ад пляча да таза. Бок баліць. І стаў [Макар] пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі і далей гаварыў. Чорны. На баку целяпалася мокрая торбачка, у якой было да палавіны ўюноў. Гамолка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка. // Правая ці левая частка якога‑н. прадмета. Рукамі.. [Мірон] трымаўся за бакі чаўна. Маўр. Пад промнямі цвярдзеюць Яблыкаў бакі. Лось. // Паверхня прадмета, накіраваная да чаго‑н. Сонечны бок. Паўночны бок. // перан. Асаблівасць чаго‑н. А Вільня нейкі ўжо другі Паказвае свой бок. Панчанка. Усё ясна — не з таго боку падышоў.. [Андрэй] да справы. Шахавец. // Адна з дзвюх паверхняў чаго‑н. Правы бок матэрыі.

2. Напрамак на мясцовасці. Чатыры бакі свету. □ На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі вада Стаяла панская пасада. Колас. У тым баку, куды глядзела Аўдоцця, над абрысам лесу клубілася чорная хмарка дыму. Мележ. // перан. Напрамак думкі, размовы і пад. Павесці гаворку ў іншы бок.

3. Мясцовасць, краіна. [Антось:] — Дачуўся, я ад аднаго чалавека — ён з нашага боку, з-пад Лані, — што ты [Кірэй] вярнуўся. Дамашэвіч. У чужым баку вочы па кулаку. Прыказка.

4. Месца, справа або злева ад сярэдняй лініі. На другім баку вуліцы пачуліся галасы. Шамякін. Сымон гарадзіў плот ад Халуставага боку. Чарнышэвіч.

5. Прастора злева і справа. З левага боку, амаль да самага лесу на даляглядзе, распасціраўся луг. Брыль. І жыта расступілася ў бакі — Сярпы плывуць, нібы маладзікі... Панчанка.

6. Месца (мясцовасць), якое знаходзіцца на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Крыху ў бок ад.. [лагчынкі], на мяжы, разгацілася.. старая дзічка. Чорны.

7. Чалавек ці група людзей, якія супрацьстаяць другому чалавеку ці групе. Спрэчкі бакоў. □ Хацеў Грамабой адгарадзіць.. Ганскага і перацягнуць яго на свой бок. Крапіва. Усе сімпатыі паэта на баку Бандароўны — дзяўчыны незвычайнага хараства і мужнасці. Шкраба.

8. Састаўная частка, элемент чаго‑н. Нарыс характарызуе істотныя бакі метаду сацыялістычнага рэалізму. Шкраба. [Зелянюк] нават узяў.. на сябе абавязак абладзіць гэту справу з фармальнага боку, каб не было ніякіх затрымак. Зарэцкі. // Якія‑н. рысы, уласцівасці, асаблівасці. Паказаць сябе з найлепшага боку. □ У эстэтычных пазіцыях маладога паэта былі і слабыя бакі. Клімковіч.

•••

Адваротны бок медаля — аб другім баку якой‑н. справы (звычайна адмоўным).

Бокам вылезці (выйсці) гл. вылезці.

Бокі абіваць гл. абіваць.

Бокі рваць гл. рваць.

Бок у бок — побач, адзін пры адным (стаяць, размяшчацца і пад.).

Брацца за бокі (за жывот) гл. брацца.

З аднаго боку..., з другога боку... (у знач. пабочн.) — ужываецца пры супастаўленні двух фактаў, з’яў.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Ляжаць на баку гл. ляжаць.

Намяць бакі гл. намяць.

На ўсе чатыры бакі — куды хочаш, абы-куды (ісці, праганяць і пад.).

Не глядзець ні вока ні бока гл. глядзець.

Не ў той бок глядзець гл. глядзець.

Пад (самым) бокам — зусім блізка.

Стаць (перайсці) на бок каго гл. стаць.

Стаяць на чыім баку гл. стаяць.

Шарахацца ў бакі гл. шарахацца.

бо́кам, прысл.

1. Плячом уперад, павярнуўшыся напалавіну. Айцец Амброзіо сядзеў у сваім маленькім кабінеціку ля пісьмовага стала, бокам да дзвярэй. Маўр. Гаспадыня.. бокам усунулася ў пакой. Бядуля.

2. Разм. Не прама, крыва. Ды граблі-пальцы, як чужыя.. Пяро трымаюць бокам, крыва І водзяць ручку баязліва. Колас.

3. Разм. Кружным шляхам, у абход. І тады зрабілася ясна — хмара пройдзе бокам. Карпаў. // перан. Не непасрэдна, праз пабочных асоб. [Андрэй] бокам дачуўся, што бацька жыве, як і раней. Галавач. — Праўда, і грошы не малыя: тысяч з восем набярэцца, — паведамляе першы, спадзеючыся хоць бокам дазнацца, як паставіцца да такой сумы галоўбух. Скрыган.

•••

То бокам то скокам — як выпадзе, як давядзецца, пераадольваючы цяжкасці.

бокс 1, ‑а, м.

Від спорту, кулачны бой па асобых правілах. [Сяргей:] [Сцяпан] у нас быў чэмпіёнам па боксу ў часці. Мележ. [Карнейчык:] Лодар Касабуцкі ходзіць у часе працы па цэху і практыкуецца ў боксе. Крапіва.

[Ад англ. box — баксіраваць.]

бокс 2, ‑а, м.

Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і патыліцы коратка выстрыгаюцца або выгольваюцца. Стрыгчыся пад бокс.

бокс 3, ‑а, м.

Адгароджаная частка памяшкання ў лячэбных установах для ізаляванага ўтрымання хворага. Хворага палажылі ў бокс.

[Ад англ. box — скрынка.]