бо́ўдзіла, ‑а, н.
Разм. пагард. Пра чалавека разумова адсталага; недарэка. Стаю, як боўдзіла якое, не ведаючы, што казаць і што рабіць. Сабаленка.
бо́ўтанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Тое, што і баўтуха. [Цётка] сустрэла яго на парозе сянец з ражкай парасячай боўтанкі і ласкава папрасіла ў хату. Дуброўскі.
бо́ўтанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. боўтаць.
бо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі, вагацца (пра вадкасць у пасудзіне). Чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі. // Матляцца, целяпацца. Да зброі Антось меў нястрыманую цягу, ён ухітраўся разабраць і пачысціць вялізны рэвальвер, які звычайна боўтаўся ў драўлянай кабуры пры баку ў дзядзькі Міхала. Хадкевіч. На рамяні [у камандзіра] кольт боўтаецца. Лынькоў.
2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках; плюхацца. Мы ўсю ноч напралёт боўталіся ў рэчцы. Гурскі.
3. Шукаць што‑н. у якой‑н. вадкасці, страве лыжкай ці чым‑н. іншым. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі, сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.
бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.
2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.
бо́ўтнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.
1. Кінуцца, упасці ў ваду, нырнуць; плюхнуцца. Чуваць, як боўтнуўся бабёр Каля карчоў у раску. Бялевіч. Раптам нешта доўгае і чорнае шпарка слізганула.. і боўтнулася ў ваду. Ляўданскі.
2. чым. Разм. Боўтнуць (у 1 знач.). [Анісім] боўтнуўся лыжкай у місе баршчу і на гэтым загавеў. Сабаленка.
бо́ўтнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да боўтаць.
2. Тое, што і боўтнуцца (у 1 знач.); плюхнуць. Вунь боўтнула з разгону лягушка, аж пырскі дасталі да задзірыстага Паўлікавага носа. Даніленка.
3. Разм. Кінуць што‑н. у ваду. Па дарозе.. [Тварыцкі] боўтнуў аплецены дротам гаршчок у ваду. Чорны.
4. перан. Разм. Сказаць што‑н. недарэчы.
боўць, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў знач. дзеясл. боўтаць — боўтнуць і боўтацца — боўтнуцца. А тут Толя вадою знячэўку — як плюхне!.. Ты да яго, а ён — боўць, боўць рукамі і нагамі і паплыў. Брыль.