Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.

2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.

3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.

4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.

•••

Бой-баба гл. баба.

Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.

Даць (даваць) бой гл. даць.

бо́йка 1, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.

Прылада для збівання масла з вяршкоў малака, са смятаны. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася. Якімовіч.

бо́йка 2, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.

Сварка, сутычка з узаемнымі пабоямі; бой. Хацелася сваімі вачамі пабачыць тыя месцы, дзе не так даўно ішла такая бойка, якой яшчэ не ведаў свет. Кулакоўскі. // перан. Змаганне, барацьба з чым‑н., за што‑н. Трактары — гэта коні сталёвай хады — выйшлі ў бойку змагацца з нягодай. Хведаровіч.

бо́йка 3, прысл.

Жвава, энергічна. Гандаль ідзе бойка. □ Недзе побач бойка ціўкала сініца. Лынькоў. А з дзядзькам пойдзеш — так цікава! Яны [хлопцы] йдуць бойка і рухава, Бо зімні холад падганяе. Колас. — Добры дзень, — павіталіся мы з дзяўчынкай. — Добры дзень, калі не жартуеце, — бойка адказала [Аніся]. Сабаленка.

бо́йкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бойкага. Бойкасць [Галіны], прастата, уменне стрымаць сябе ў патрэбны момант былі тымі якасцямі, якіх многім не хапала. Няхай. Шолам таксама пахваліў мяне за бойкасць пяра. Сабаленка.

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

бо́йлер, ‑а, м.

Апарат для падагравання вады.

бо́йлерная, ‑ай, ж.

Памяшканне, дзе ўстаноўлены бойлеры.

бо́йня, ‑і, Р мн. боень; ж.

1. Прадпрыемства, дзе забіваюць жывёлу на мяса. Частку кароў прыйшлося адправіць на бойню. Асіпенка.

2. Вайна з масавым знішчэннем людзей; разня. Звязаць бы ўсіх, хто прагне новай бойні. І выселіць, і як мага далей. Панчанка.