суіснава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
Існаваць адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.
суісну́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад суіснаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які існуе адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.
3. Дзеепрысл. незак. ад суіснаваць.
сук, ‑а, м.
1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.
2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.
су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.
1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.
сукава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сукаватага; мноства сукоў, сучча.
сукава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую колькасць сукоў, сучкоў. [Дзямід] павёў нас па сцежцы і спыніўся каля старога сукаватага дрэва. В. Вольскі.
сука́ла, ‑а, н.
Прылада для насуквання нітак на цэўкі.
сука́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для сукання. Сукальная машына.