Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суглі́ністы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і суглінкавы. Зямля там была сугліністая, а сілы на яе дбайную апрацоўку заўсёды не хапала. Машара.

суглі́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суглінку, складаецца з суглінку. Ах, гэты край нізін і круч, Равы, суглінкавыя пашы... Табе ў адзнаку — Беларусь Надалі назву продкі нашы... Таўбін.

сугне́й, ‑я, м.

Нелюдзень, дзіклівы, пануры чалавек. Жонка яго чакала трэцяга дзіцяці, ён жа [Ракуцька] стаў, як сугней, угнуў галаву і ўсё маўчаў, маўчаў. Чорны.

суграмадзя́нін, ‑а; мн. ‑дзяне, ‑дзян; м.

Грамадзянін той жа дзяржавы (у адносінах да іншых грамадзян). // Жыхар або ўраджэнец адной мясцовасці з кім‑н.

суграмадзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да суграмадзянін.

сугу́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сугучнага.

сугу́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які гучыць суладна, гарманічна (пра музычныя гукі). Некалькі сугучных пералівістых галасоў узнялі вышэй гэтую шчырую, як першае дзявочае прызнанне, песню. Арочка.

2. Які супадае, падобны гучаннем (пра гукі мовы, словы).

3. перан. Які адпавядае чаму‑н., гарманіруе з чым‑н. Гіляр пачаў чытаць радкі з верша Янкі Купалы, якія прыйшлі яму на памяць, якія былі сугучнымі з настроем усіх юнакоў. Дубоўка.

сугу́чча, ‑а, н.

1. Адначасовае спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні.

2. Спец. Паўтарэнне ў вершы падобных галосных гукаў, а таксама падобнае гучанне канцоў радкоў у ім; рыфма. Для фіксацыі .. [карціны] трэба слова. І яно не прыходзіць само, чакае рытмічнага штуршка, удалага сугучча, асновы, на якую наніжуцца радкі. Лужанін. Вядома, само па сабе абнаўленне рыфмы за кошт шырокага ўжывання прыблізных сугуччаў узбагачала фармальныя, выяўленчыя магчымасці верша. Бугаёў.

3. Унутраная адпаведнасці адзінства. У .. старанна адшліфаваных вершах не адчуваецца «павеву духу жывога», усе яны прыгожыя, але халодныя. І ў гэтай рысе мы зноў сустракаемся з сугуччам талентаў аўтара і перакладчыка. Бярозкін. / Пра колеры, фарбы. Што ж датычыць каляровага сугучча, то гэтае пачуццё моцна развіта ва ўсіх паляшучак. «Маладосць».

суд, ‑а і ‑у, М ‑дзе і ‑дзе, м.

1. ‑а, М ‑дзе. Дзяржаўны орган, які разглядае і вырашае грамадзянскія спрэчкі і крымінальныя справы. Народны суд. Прыгавор суда. // Памяшканне, у якім знаходзіцца такі орган. У судзе свецяцца вокны. // зб. Суддзі. Нарада суда. □ І кідае [Варывода] строга свой зрок. — Суд ідзе! — грыміць урачыста! І вочы скіроўвае ўбок, Пранізвае імі фашыста. Колас. — Што вы маўчыце? — пытаецца суддзя. — У вас заўвагі да складу суда ёсць? Адводы, прапановы? Дадзіёмаў.

2. ‑а, М ‑дзе. Судовы працэс, разбор грамадзянскай або крымінальнай справы. Выступаць на судзе. □ Паведамілі, што пракурор патрабуе тэрміновага суда над браканьерам .. і хоча зрабіць гэты суд паказальным на ўвесь раён. Краўчанка. Суд цягнуўся два гады. Выйграў пан. Бядуля. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг. Брыль. [Зося:] — На судзе мне трэба было ўсё, як было, расказаць. Чорны. / У складзе некаторых устойлівых выразаў. Папасці пад суд. Чыніць суд. // Пакаранне каго‑н., кара. Павел зразумеў, што няма больш страшнага суда, чым суд уласнае памяці. Васілёнак. [Міхалка:] — Мы .. [Ігналю] лепей сваім судом, — адсцёбаем гэтымі лейцамі і годзе. Ён болей красці не будзе. Бядуля.

3. ‑а, М ‑дзе; чаго або які. Грамадскі орган, які выбіраецца з членаў якога‑н. калектыву для разгляду спраў, звязаных з непрыстойнымі паводзінамі каго‑н. Суд гонару. Грамадскі суд. □ Праўленне вырашыла ўчыніць таварыскі суд над тымі, каго злавілі за руку. Дуброўскі.

4. ‑у, М ‑дзе. Думка, меркаванне аб кім‑, чым‑н.; ацэнка каго‑, чаго‑н. Суд гісторыі. □ Мінаў час, старое забывалася, яно з-за даўнасці не падлягала і суду Андрэевага сумлення. Шахавец.

•••

Вярхоўны суд БССР — найвышэйшы судовы орган БССР.

Надворны суд — судовы орган дваран у Расіі 18–19 стст.

Страшны суд — паводле рэлігійных уяўленняў — божы суд пад усімі людзьмі, калі наступіць «канец свету».

Суд Лінча — у ЗША жорсткая расправа з актыўнымі дзеячамі прафсаюзнага, негрыцянскага. антыімперыялістычнага і камуністычнага руху; лінчаванне.

Суд прысяжных — суд з удзелам прысяжных засядацеляў.

Таварыскі суд — грамадскі суд, утвораны на прадпрыемствах, ва ўстановах для разгляду спраў, звязаных з парушэннем працоўнай дысцыпліны або грамадскага парадку.

Трацейскі суд — разбор якога‑н. канфлікту кім‑н. трэцім, не зацікаўленым у гэтай справе.

Шамякаў суд — несправядлівы, прадузяты суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці).

Аддаць на суд каму гл. аддаць.

Аддаць пад суд гл. аддаць.

Ісці пад суд гл. ісці.

Пакуль суд ды справа — пакуль адбываецца, робіцца што‑н. Загоншчыкі падаліся ў абход. А мы, стралкі, пакуль суд ды справа, на прасецы ў лінію пасталі. Ракітны.

суда...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «судовы», напрыклад: судаводства, судагаварэнне.