Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самае́ды, ‑аў; адз. самаед, ‑а, М ‑дзе, м.; самаедка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. самаедкі, ‑дак; ж.

Устарэлая назва самадыйцаў.

самазабеспячэ́нне, ‑я, н.

Забеспячэнне, якое ажыццяўляецца ўласнымі сіламі і сродкамі. Усвядоміўшы сваё незайздроснае становішча папрашайкі, Мурлік неўзабаве сам пачаў лавіць рыбу, перайшоў, так сказаць, на самазабеспячэнне. Рылько.

самазабо́йства, ‑а, н.

Наўмыснае пазбаўленне сябе жыцця; самагубства.

самазабо́йца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Той, хто пакончыў жыццё самазабойствам, самагубствам.

самазабы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Здольны да самазабыцця, да самаахвяравання ў імя каго‑, чаго‑н. [Рыгор:] — І кажу я вам: майму жыццю няма і не будзе іншае дарогі, як дарога несупыннага, кіпучага, самазабыўнага класавага змагання за свабоду. Гартны.

самазабыццё, ‑я, н.

1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.

2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.

самазабяспе́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Забяспечваць сябе чым‑н.

самазагара́льны, ‑ая, ‑ае.

Здольны да самазагарання. Самазагаральныя рэчывы.

самазагара́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. самазагарацца — самазагарэцца; загаранне само па сабе. Самазагаранне каменнага вугалю.

самазагара́цца, ‑аецца.

Незак. да самазагарэцца.