стымулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., каго-што.
Паскорыць (паскараць) або ўзмацніць (узмацняць) ажыццяўленне чаго‑н. Стымуляваць развіццё раслін. Стымуляваць развіццё жывёлагадоўлі. □ Людзі працы ўмеюць пастаяць за плён сваёй працы, за свае здабыткі, за сваю свабоду. Бо толькі свабода стымулюе стваральную працу. «Звязда».
стымуля́тар, ‑а, м.
1. Рэчыва, якое стымулюе развіццё раслін і жывёл. Аказваецца, што калі з .. [кук[о]лю] дастаць тую атруту і ў самым малым памеры даць яе на палеткі, дык яна робіцца стымулятарам і павялічвае ўраджай жыта ці пшаніцы напалову. Дубоўка.
2. Лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца для павышэння разумовай і фізічнай працаздольнасці, для паляпшэння самаадчування. // перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць.
3. Тое, што і допінг.
стымуля́цыя, ‑і, ж.
Выкарыстанне стымулятара.
стынь, ‑і, ж.
Сцюжа, холад. [Хмурынкі] нізка, нізка сцелюцца над самай зямлёй, чапляюцца за вяршыні дрэў, што аж пачарнелі ад вільгаці, ад стыні. Лынькоў. Над лесам паўстала дрыготкае жаўтлявае зарыва, там разганялі цемру і стынь зімовай ночы цёплыя агні горада. Хадкевіч. Лёгкая стынь прабегла па спацелай спіне. Карамазаў. / у паэт. ужыв. Хатынь, Даходзяць пакут адгалоскі Да нас праз магільную стынь. Смагаровіч. Надоўга дарогі нашы Разбегліся ў сінюю стынь. Хведаровіч.
стыпе́ндыя, ‑і, ж.
Рэгулярная грашовая дапамога, якая выдаецца навучэнцам у навучальных установах, а таксама аспірантам, якія рыхтуюцца да навуковай дзейнасці. [Зоя:] — Не, я сама адумалася. На бухгалтара пайду вучыцца. Калгас стыпендыю дае. Гроднеў. І ў гэты ж дзень пасля ўрокаў у канцылярыі тэхнікума Алёша атрымаў сваю першую студэнцкую стыпендыю. Васілевіч.
[Лац. stipendium — плата.]
стыпендыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стыпендыі. Стыпендыяльны фонд. □ У той час .. я сядзеў на пасяджэнні стыпендыяльнай камісіі. Сачанка.
стыпендыя́т, ‑а, М ‑яце, м.
Навучэнец, які атрымлівае стыпендыю. Праз некалькі дзён я здаў экзамены па ўсіх астатніх прадметах на «выдатна» і быў залічан стыпендыятам семінарыі. Сяргейчык. Тройка ў заліковай кніжцы значыла: быць без стыпендыі да наступнай сесіі. Такое строгае правіла ўстанавіла праўленне для калгасных стыпендыятаў. Б. Стральцоў. // Навучэнец, які атрымлівае спецыяльную (найчасцей імянную) стыпендыю за выдатную вучобу і актыўную грамадскую дзейнасць. Купалаўскі стыпендыят.
стыпендыя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да стыпендыят.
сты́плер, ‑а, м.
Конь, спецыяльна прывучаны да скачак з перашкодамі.
[Англ. steepler.]