стыле́т, ‑а, М ‑леце, м.
Невялікі кінжал з вельмі тонкім і вострым клінком (звычайна трохгранным).
[Іт. stiletto.]
стылізава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць стылізаванага (у 2 знач.). Стылізаванасць дэкарацыі.
стылізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стылізаваць.
2. у знач. прым. Які мае выразныя прыкметы стылізацыі (у 1 знач.), з’яўляецца вынікам стылізацыі. Стылізаваная аповесць. □ Упершыню гледачы ўбачылі прыгожа, па-мастацку стылізаваныя беларускія вопраткі, агністыя жартоўныя беларускія народныя танцы. Рамановіч. Над грабніцай мазаічны партрэт Людовіка на ўвесь рост. Вакол партрэта стылізаваныя залатыя ліліі. В. Вольскі.
стылізава́цца, ‑зуецца; незак.
Зал. да стылізаваць.
стылізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Надаць (надаваць) чаму‑н. характэрныя прыкметы пэўнага стылю (у 1, 2 знач.). Ф. Багушэвіч надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову расказчыка — селяніна. Шакун. // Перадаць (перадаваць) што‑н. пры дапамозе ўмоўных прыёмаў. Стылізаваць арнамент. // Пераймаючы каго‑н., надаць (надаваць) чаму‑н. пэўны выгляд, форму і пад. Багдановіч ужо ў самой назве падаў характэрныя для нашай старажытнай мовы звароты, прычым зусім няцяжка ўлавіць, пад каго стылізаваў сваё апавяданне паэт. Лойка.
стыліза́тар, ‑а, м.
Той, хто займаецца стылізацыяй (у 1 знач.), выкарыстоўвае ў творчасці прыёмы стылізацыі. Чарадзейную сілу мела Купалава адчуванне народнасці ва ўсёй яе непадманнай, недаступнай стылізатару і капіісту першапачатковай праўдзе і прыгажосці. Бярозкін.
стыліза́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стылізатара, стылізатарства. Стылізатарскія прыёмы. Стылізатарскія здольнасці.
стыліза́тарства, ‑а, н.
Тое, што і стылізацыя (у 1 знач.). Пры гэтым .. [Багдановіч] засцярогся як дыдактычнага асветніцтва ў галіне думкі, так і наіўнага стылізатарства ў галіне формы. М. Стральцоў.
стыліза́цыя, ‑і, ж.
1. Наданне мастацкаму твору характэрных рыс якога‑н. пэўнага стылю; падробна пад той або іншы стыль. Стылізацыя пад беларускія народныя песні. // Выкарыстанне ўмоўных прыёмаў у мастацтве. Арнаментальная стылізацыя. // Аднаўленне каларыту якой‑н. эпохі ў вобразах і стылявых асаблівасцях мастацкага твора. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць. Палітыка.
2. Твор, якому нададзены характэрныя рысы пэўнага стылю.
стылі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто валодае майстэрствам літаратурнага стылю, майстар стылю. Гогаль быў выдатны стыліст, які цудоўна ведаў рускую мову і валодаў ёю, як сапраўдны майстра. «Полымя».