Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папярхну́цца, ‑пярхнуся, ‑пярхнешся, ‑пярхнецца; ‑пярхнёмся, ‑перхняцеся; зак.

На момант задыхнуцца пры пападанні ў дыхальнае горла чаго‑н. (часцінак ежы, вады і пад.). Жанчына зухавата выпіла і папярхнулася. Асіпенка. Верка кашляе — папярхнулася малаком. Жычка. // перан. Змоўкнуць на паўслове ад збянтэжанасці, замяшання і пад. — Куды мне! Удар мой — што твой аўтамат: грукату многа, а вынік... Валянцін Адамавіч папярхнуўся на паўслове. Шамякін. — Дазвольце... — нешта хацеў .. [старшыня] сказаць і папярхнуўся. Лынькоў.

папярэ́джанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. папярэдзіць (у 1, 2 знач.).

2. Заўвага, якая папярэджвае аб чым‑н. або ад чаго‑н. — Давайце, хлопцы, цішэй, — перасцярог Садовіч.. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Колас.

3. Адзін з відаў дысцыплінарнага спагнання. — Як бачыце, вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ва ўсім. Таму прапануецца абмежавацца папярэджаннем. Пянкрат.

папярэ́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. папярэджваць — папярэдзіць.

папярэ́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да папярэджваць.

папярэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да папярэдзіць.

папярэ́дзіць, ‑пяраджу, ‑пярэдзіш, ‑пярэдзіць; зак., каго-што.

1. Загадзя паведаміць каму‑н. пра што‑н. Нас папярэдзіў праваднік: Далей ад гэтых месц спыніцца. Танк. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара.

2. Загадзя ліквідаваць тое, што пагражае; перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н. Папярэдзіць злачынства. □ [Мішу] трэба папярэдзіць тое непапраўнае, што магло здарыцца з дня на дзень і пакалечыць яе [дзяўчыны] жыццё. Арочка.

3. Зрабіць што‑н. раней каго‑н. Немцы папярэдзілі наш манеўр, і калі мы адышлі.. [у лагчыну], то заўважылі кругом варожыя танкі, і з усіх бакоў пасыпаліся на нас аўтаматныя кулі. Няхай. [Аверын] наважыўся запытацца пра Краўчанку, але.. [Тася] папярэдзіла яго радасным бляскам усмешкі: — Ён наш, Яша. Ён будзе жыць! Мікуліч.

папярэ́дне, прысл.

Перад чым‑н., раней чаго‑н. У рэдкім хмызняку Вася спыніў байцоў, вырашыўшы папярэдне разведаць яшчэ раз вёску. Мележ.

папярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў раней чаго‑н., знаходзіўся непасрэдна перад чым‑н. Гэтыя дні самастойнага жыцця надалі.. [людзям] вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Маўр. У паветры яшчэ стаяла рэха папярэдняга ўдару, а ўжо раздаваўся новы. Васілёнак. // у знач. наз. папярэ́дняе, ‑яга, н. [Дзімін:] — З Кашыным пагутарым на бюро, дарэчы, і пра папярэдняе напомнім. Карпаў.

2. Які папярэднічае чаму‑н. асноўнаму, галоўнаму, які бывае перад чым‑н. Першыя пяць дзён былі прысвечаны папярэднім гульням у дзвюх падгрупах. «Звязда». // Такі, які можа быць зменены, перагледжаны; неканчатковы. Папярэднія падлікі. □ Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч.

3. Такі, які робіцца, праводзіцца загадзя. Папярэдні продаж білетаў. Стол папярэдніх заказаў.

папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

папярэ́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да папярэднік (у 1 знач.).