Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эмітэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Той, хто ажыццяўляе эмісію ​1 (дзяржава, банк, установа.)

[Ад лац. emittens, emittentis — які выпускае.]

э́мка, ‑і, ДМ эмцы; Р мн. эмак; ж.

Разм. Легкавы аўтамабіль маркі «М» (эм). У ліпені 1944 года па вуліцах вёскі Іржышча прапыліла чорная бліскучая эмка. «Маладосць».

эмо́цыя, ‑і, ж.

Пачуццё, перажыванне чалавека. Эмоцыя радасці. Эмоцыя гневу. □ — Вы разумееце, што ўсё гэта азначае? — Ці, як легкадумны хлапчук, вы, акрамя сваіх эмоцый, нічога ведаць не хочаце? — гаварыў Рымар. Арабей. І .. [салдату] хоць бы на гадзіну ў тыдзень-другі неабходна забыцца, перавесці свой зрок і слых на іншае, што выклікала б у яго больш прыемныя эмоцыі... Ракітны. // Разм. Знешняе праяўленне пачуццяў, перажыванняў. Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Шамякін.

[Фр. émotion.]

эмпіры́зм, ‑у, м.

1. Філасофскі напрамак, які прызнае вопыт, пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай пазнання і недаацэньвае або зусім адмаўляе тэарэтычныя абагульненні пры вывучэнні асобных фактаў, з’яў. Адзначаная У. І. Леніным тэндэнцыя да пераходу буржуазнай сацыялогіі на пазіцыі эмпірызму ў наступныя дзесяцігоддзі яшчэ больш узмацнілася. «Полымя».

2. Кніжн. Схільнасць да практычнай, вопытнай дзейнасці і прыніжэнне значэння лагічнага аналізу і тэарэтычных абагульненняў.

•••

Паўзучы эмпірызм — вывучэнне асобных фактаў без выяўлення больш глыбокіх сувязей і законаў развіцця; вузкі, абмежаваны падыход да з’яў рэчаіснасці.

[Фр. empirisme ад грэч. empeiria — вопыт.]

эмпі́рык, ‑а, м.

1. Паслядоўнік эмпірызму (у 1 знач.).

2. Кніжн. Чалавек, які прызнае толькі практычную дзейнасць, факты і не ўдзяляе ўвагі тэорыі, навуковым абагульненням.

эмпіры́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць эмпірычнага.

эмпіры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эмпірызму (у 1 знач.). Эмпірычная філасофія.

2. Кніжн. Заснаваны на эмпірыі; вопытны. У многіх выпадках .. [педагагічная думка] пачала выходзіць за рамкі эмпірычнага фіксавання перадавой практыкі настаўнікаў і пачала пераходзіць да навуковага абагульнення. «Полымя». // Рэальны, які аб’ектыўна існуе. Эмпірычны свет.

эмпіры́я, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Чалавечы вопыт, успрыманне знешняга свету органамі пачуццяў.

2. Назіранне ў натуральных умовах у адрозненне ад эксперыменту.

[Ад грэч. empeiría — вопыт.]

эмпірыякры́тык, ‑а, м.

Паслядоўнік эмпірыякрытыцызму.

эмпірыякрытыцы́зм, ‑у, м.

Суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у філасофіі 19 — пачатку 20 стст., які адмаўляе незалежнае ад свядомасці існаванне аб’ектыўнага свету і разглядае рэчы як комплексы адчуванняў індывіда.

[Грэч. empeiría — вопыт і kritikē̍ — майстэрства разбіраць, судзіць.]