Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самадзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.

2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.

самадзе́йнік, ‑а, м.

Разм. Удзельнік мастацкай самадзейнасці. Самадзейнікі выступаюць не горш за прафесіяналаў.

самадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае актыўна сам, па асабістаму пачыну; заснаваны на самастойнай ініцыятыву. Самадзейны характар піянерскай арганізацыі. Самадзейнае жыццё насельніцтва горада. □ Самадзейным спосабам узведзен і цэлы пасёлак з васьмі драўляных дамоў. «Звязда».

2. Які мае адносіны да самадзейнасці (у 2 знач.); які ўдзельнічае ў самадзейнасці. Самадзейнае мастацтва. Самадзейны хор. □ Я даўно не бачыў на самадзейнай сцэне такой лёгкасці і грацыёзнасці. Кулакоўскі. Маладыя лейтэнант проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка.

самадзе́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Самаробны. Тамаш схваціў толькі скрыпку ў самадзелкавым футарале. Бядуля.

самадзе́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зроблены сваімі рукамі, хатнімі сродкамі; самаробны. Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба, пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзеравяная, самадзельная. Колас.

самадзе́ржац, ‑жца, м.

Неабмежаваны ў сваёй уладзе самадзяржаўны правіцель; манарх.

самадзе́ржыца, ‑ы, ж.

Жан. да самадзержац.

самадзе́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае аўтаматычна, сам сабою. Самадзеючыя апараты.

2. Заснаваны на актыўным самастойным дзеянні. Асобая грамадская ўлада неабходна таму, што самадзеючая ўзброеная арганізацыя насельніцтва зрабілася немагчымай з часу расколу грамадства на класы... Ленін.

самадзяржа́ўе, ‑я, н.

Манархічная форма праўлення ў Расіі, пры якой манарху належала вярхоўнае права ў заканадаўстве, у вярхоўным кіраванні і вышэйшым судзе. Палітычныя мэты заключаліся ў вызваленні ўсіх народаў Расіі ад іга самадзяржаўя, прыгонніцтва, бяспраўя, паліцэйскага самавольства. Ленін. // Царскі ўрад. Царскае самадзяржаўе. □ Беларускае сялянства.. было незадаволена царскім маніфестам ад 19 лютага 1861 года, яно адказвала на яго шматлікімі выступленнямі супраць памешчыкаў і самадзяржаўя. Ларчанка.

самадзяржа́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самадзяржаўя, з’яўляецца самадзяржаўем. Самадзяржаўны лад. Самадзяржаўнае кіраванне. // Неабмежаваны ўладай. Самадзяржаўны правіцель.